13 кастрычнiка 2024, Нядзеля, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Альбо кандыдат у прэзідэнты Статкевіч, альбо байкот

92
Андрэй Саннікаў: Альбо кандыдат у прэзідэнты Статкевіч, альбо байкот

У беларускай апазіцыі ёсць магчымасць для рэалізацыі агульнай стратэгіі.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

- Сёлета ў Беларусі пройдуць так званыя прэзідэнцкія выбары. Розныя палітычныя сілы ў Беларусі выказаліся ў падтрымку таго ці іншага сцэнару. Якой, на ваш погляд, павінна быць стратэгія апазіцыі?

- Пошукі так званага адзінага кандыдата ў прэзідэнты і спробы стварэння перадвыбарных кааліцый былі асуджаныя на правал. Па-першае, гэта супярэчыла ранейшым заявам лідараў апазіцыі аб тым, што ні пра які ўдзел у выбарах не можа ісці і гаворкі да вызвалення ўсіх палітвязняў. Па-другое, усё гэта нецікава грамадству. Якія б ініцыятывы або схемы вылучэння адзінага ні прапаноўваліся - водгуку ў людзей гэта не знаходзіла.

Агулам, як паказалі папярэднія парламенцкія і мясцовыя «выбары», людзі канчаткова зняверыліся, што пры Лукашэнку магчымае хоць нейкае падабенства выбарчай кампаніі. Таму найбольш разумнай на сённяшні момант з'яўляецца тая прапанова, якую агучыў Сяргей Скрабец: стварыць ініцыятыўную групу вылучэння Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты, патрабаваць ягонай рэгістрацыі і адначасова вызвалення яго і ўсіх астатніх палітвязняў. Калі ж улады не пачуюць гэты заклік і патрабаванне, то байкатаваць выбары. Як мне здаецца, на сёння гэта найбольш канструктыўная прапанова.

- Гэтая стратэгія дапаможа вызваліць палітычных зняволеных?

- Ствараючы нерэальныя схемы так званых выбараў, апазіцыя адсунула на другі план праблему палітвязняў, якая з'яўляецца найбольш вострай. Патрабаваць вызвалення вязняў сумлення ў рамках палітычнай кампаніі - правільна. Калі будзе аб'яднанне ўсіх і цвёрдыя патрабаванні аб вызваленні палітвязняў, якія суправаджаюцца кампаніяй і актыўнасцю людзей, гэта дапаможа.

- Вы лічыце, што палітыкі, якія заявілі, што маюць намер ісці ў прэзідэнты, змогуць адмовіцца ад уласных амбіцый?

- Яны павінны адмовіцца, таму што гаворка ідзе аб маральнасці, а апазіцыя ў краінах, дзе пануе аўтарытарны або дыктатарскі рэжым, моцная перш за ўсё маральнымі якасцямі. Калі апазіцыя хоча быць цікавай народу, гэтыя якасці павінны быць на першым плане. Трэба проста вызначыцца, і гэта стварае добрую аснову для аб'яднання.

- Аб'яднанне каго з кім?

- На гэтай платформе можна аб'яднацца ўсім, але толькі без адгаворак, нейкіх запасных варыянтаў і дублёраў. Павінна быць прынцыповая лінія: ці Мікалай Статкевіч становіцца адзіным кандыдатам і вылучаецца патрабаванне аб яго вызваленні, рэабілітацыі і рэгістрацыі, ці байкот. Такая пастаноўка пытання пакажа дзеяздольнасць апазіцыі, дасць магчымасць дзейнічаць актыўна, рашуча, праводзіць палітычную кампанію, нягледзячы на самыя неспрыяльныя ўмовы.

- Як праводзіць байкот, калі гэта сёння ў Беларусі незаконна?

- Хацеў бы нагадаць, што і паводле Канстытуцыі Беларусі, і паводле міжнародных стандартаў незаконна забараняць агітаваць за байкот. Байкот з'яўляецца формай удзелу ў выбарах. У адпаведнасці з міжнароднымі дакументамі права байкатаваць выбары такое ж, як права на свабоду слова, на свабоду сходаў, свабоду асацыяцый. Гэта легальны і абсалютна зразумелы інструмент і спосаб удзелу ў выбарах.

Тое, што Лукашэнка забараніў дзейнасць, якую ён называе байкотам, паказвае ягоны страх перад грамадскай думкай, перад рэальнымі настроямі ў народзе. Сур'ёзнай падтрымкі ў грамадстве ў яго няма.

- Што такое байкот у беларускіх умовах?

- У нас падвойная задача: вызваленне палітвязняў і, у сувязі з гэтым, вызначэнне формы ўдзелу ў выбарах. Не варта думаць, што людзі не чуюць апазіцыю і не ўскладаюць на нас надзеі. Успомніце, як апазіцыя заклікала да байкоту «парламенцкіх выбараў» у 2000, 2008, 2012 гадах. Выбаршчыкі прыслухаліся да голасу апазіцыі, і байкот фактычна адбыўся. Менавіта таму ўлады і пастанавілі яго забараніць.

Калі ж апазіцыя заклікала да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у 2006 і 2010 гадах, то была самая высокая яўка. Падчас назірання за выбарамі лягчэй за ўсё заўважыць як раз такую яўку, бо да падліку галасоў назіральнікаў проста не дапускаюць.

Акрамя таго, кожны чалавек можа зрабіць свядомы выбар. Чым байкот добры, так гэта тым, што яго не трэба праводзіць нейкімі партыйнымі пастановамі. Партыі ў нас нешматлікія. Кожны чалавек можа сказаць «так» вызваленню палітвязняў і «не» гэтаму рэжыму і гэтым ганебным выбарам.

- Так званыя выбары Лукашэнку даводзіцца праводзіць ва ўмовах сур'ёзнага эканамічнага крызісу, абвалу рубля, скарачэнняў і масавага звальнення рабочых з большасці прадпрыемстваў, рэзкага скарачэння заробкаў.

- Так. Гэта як раз і ёсць поле для дзейнасці. Трэба тлумачыць, што міфы пра стабільнасць пахаваныя даўно - яшчэ чатыры гады таму пры першай сур'ёзнай дэвальвацыі ў 2011 годзе. Людзям трэба даносіць простую думку пра тое, што пры Лукашэнку ў іх няма будучыні.

- Апазіцыя гатовая ўзначаліць пратэсты, якія немінучыя ў гэтых умовах?

- З'явяцца лідары пратэстаў. Калі цяперашнія будуць гатовыя - гонар ім і хвала. Так было ў 1990-я гады і будзе цяпер. З'явяцца лідары, арганізатары гэтых пратэстаў, і ў агульным, апазіцыі трэба не праспаць гэты момант.

- Якую ролю вы адводзіце сабе ў гэтай сітуацыі? Вы практычна перамагалі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.

- Касцяк маёй каманды захаваўся. Падтрымка людзей адчуваецца. Тая праграма, якая прапаноўвалася мной у 2010 годзе, не састарэла, бо гэта былі прапановы па выхадзе з крызісу. І я безумоўна буду гатовы ўдзельнічаць у яе рэалізацыі.

Цяпер грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» гатовая падтрымаць стратэгію вылучэння Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты, а ў выпадку яго нерэгістрацыі - абвясціць байкот. Безумоўна, мы будзем браць актыўны ўдзел у такой дзейнасці як унутры Беларусі, так і за яе межамі.

Рэжым Лукашэнкі зжыў сябе і палітычна, і эканамічна. Таму чыноўнікам і сілавікам трэба думаць, куды яны разам з Лукашэнкам прывялі краіну. Працвярэзіцца ніколі не позна.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках