Правайдэраў абавяжуць захоўваць гісторыю наведвання сайтаў
52- 14.03.2015, 12:39
- 37,959
Беларускія правайдэры будуць абавязаныя захоўваць гісторыю наведвання сайтаў карыстальнікамі на працягу года з дня выканання інтэрнэт-паслуг.
Пра гэта гаворыцца ў Інструкцыі аб парадку фармавання і захоўвання звестак аб наведваных карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг інфармацыйных рэсурсах. Дакумэнт зацверджаны пастановай №6 Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі ад 18 лютага 2015 года і апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Прадаўцы інтэрнэт-паслуг абавязаныя з выкарыстаннем апаратна-праграмнага комплексу фармаваць і захоўваць актуальныя звесткі аб наведваных карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг інтэрнэт-рэсурсах, якія ўключаюць у сябе звесткі пра карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг, фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў», - гаворыцца ў дакумэнце.
Правайдэраў таксама абавяжуць захоўваць нумар і дату ўкладання пагаднення на выкананне паслуг электрасувязі; прозвішча, імя і адрас карыстальніка.
Як адзначана ў тэксце пастановы Мінсувязі, інструкцыя прынятая на падставе пункта 9 дэкрэта «Аб неадкладных захадах супрацьдзеяння незаконнаму абарачэнню наркотыкаў».
Пастанова Мінсувязі ўвойдзе ў дзеянне 1 студзеня 2016 года.