Дзяржсакратар Ватыкана: Мы гатовыя да візіту Лукашэнкі
33- 14.03.2015, 18:40
- 20,166
Ватыкан гатовы прыняць з візітам Аляксандра Лукашэнку.
Пра гэта заявіў журналістам 14 сакавіка ў Менску дзяржаўны сакратар Святога Пасаду кардынал П'етра Паралін, піша БелаПАН.
Паводле ягоных слоў, падчас сустрэч з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў Беларусі магчымасць візіту Лукашэнкі ў Ватыкан абмяркоўвалася. «З боку Святога пасаду ёсць уся гатовасць для такога візіту. Чакаецца толькі пастанова беларускага кіраўніцтва аб запыце сустрэчы, удакладненні дат візіту», - сказаў кардынал Паралін на прэс-канферэнцыі.
Дзяржсакратар Папы Францішка растлумачыў, што паводле пратаколу Святога пасаду «палітычным лідэрам не накіроўваюцца запрашэнні для правядзення сустрэч з Папам». «Такія сустрэчы запытваюцца самімі зацікаўленымі, але гэта не выключае зацікаўленасці старон у такіх сустрэчах», - адзначыў ён.
Кардынал Паралін знаходзіцца ў Беларусі з 12 да 15 сакавіка з афіцыйным візітам на запрашэнні беларускіх улад. У паведамленні апостальскай нунцыятуры пра візіт кардынала Параліна адзначаецца, што такім чынам Папа рымскі Францішак «хоча выказаць сваю глыбокую павагу беларускаму народу і праз свайго найбліжэйшага супрацоўніка сустрэцца з каталікамі Беларусі ў малітве і адзінстве сэрцаў».
Гэта другі такі візіт прадстаўніка Ватыкана ў гісторыі сучаснай Беларусі пасля 2008 года, калі краіну наведаў дзяржсакратар Святога пасаду кардынал Тарчызіё Бэртонэ.