Прысуд сыну Замяталіна абвесцяць 17 красавіка
5- 17.03.2015, 17:48
- 16,585
17 красавіка а 10.00 суд Заводскага раёна Менска абвесціць прысуд Дзянісу Замяталіну.
Сын былога галоўнага ідэолага краіны Уладзіміра Замяталіна і ягоныя шэсць змоўшчыкаў абвінавачваюцца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, крымінальная справа была распачатая пяць гадоў таму, піша БелаПАН.
Нагадаем, пракурор запрасіў для Замяталіна шэсць гадоў пазбаўлення волі. Сам падсудны сваёй віны не прызнаў.
Яму і шасці фігурантам гэтай справы было выстаўленае абвінавачванне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, прынамсі, у стварэнні сеткі лжэпрадпрымальніцкіх структур, праз якія былі незаконна праведзеныя больш за 100 мільярдаў рублёў.
Гэта не адзіная крымінальная справа ў дачыненні да Замяталіна: сын былога высокапастаўленага чыноўніка таксама праходзіць абвінавачаным паводле справы аб хабары, паведамляе «Спадарожнік».
Бацька абвінавачанага - палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Замяталін, якога называлі галоўным ідэолагам краіны, у розныя гады быў віцэ-прэм'ерам, першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, з 2006-га да 2010-га года займаў пасаду генеральнага дырэктара «Беларусьфільма».