Арол здзейсніў палёт з самага высокага будынка ў свеце (Відэа)
6- 17.03.2015, 18:05
- 20,318
Арол-магільнік на мянушку Даршан здзейсніў палёт з самага высокага ў свеце будынка - Бурдж-Халіфа ў ААЭ.
Пра гэта паведамляе Lenta.ru са спасылкай на Reuters.
Ён спікіраваў з 828-метровай вежы, тым самым устанавіўшы сусветны рэкорд вышыні птушынага палёту з будынка.
Перамяшчэнне птушкі фіксавала камера, усталяваная ў яе апярэнні зааактывістамі (агенцтва не ўдакладняе назву экалагічнай арганізацыі, якая праводзіла акцыю).
Паведамляецца, што эколагі разлічвалі не толькі ўстанавіць рэкорд, але і прыцягнуць гэтай акцыяй увагу да праграмы захавання птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай вымірання.
Арол-магільнік - драпежная птушка сямейства ястрабіных з размахам крылаў больш за два метры. Пад гэтай назвай біялагічны від вядомы толькі ў Расеі, у Еўропе аналагічных птушак называюць сонечнымі або імператарскімі арламі. У Міжнароднай Чырвонай кнізе магільнік мае статус уразлівага віду з магчымым працягам скарачэння колькасці. Асноўныя прычыны дэградацыі - страта месцаў, прыдатных для гнездавання, з прычыны гаспадарчай дзейнасці чалавека, масавае вынішчэнне, нястача патрэбнай ежы ў арэале пасялення.