Работнікаў «Віцебскаблгаз» прымушаюць скупляць торф
43- 18.03.2015, 7:49
- 44,833
А наперадзе - масавыя звальненні.
Пра гэта напісаў чытач charter97.org, супрацоўнік УП «Віцебскаблгаз» ПУ «Віцебскгаз». Ён распавядае пра тое, што на прадпрыемстве пачалася «аптымізацыя кадраў», што можа азначаць скарачэнне на 25% штата.
«У нас пачалася масавая «рэарганізацыя прадпрыемства». З Міністэрства прыйшла распараджэнне аб колькасці працуючых у кожнай службе. У нас, напрыклад, згодна з гэтым распараджэннем - значнае перавышэнне колькасці супрацоўнікаў. Як мяркуецца, гэта перавышэнне складае блізу 25%, але дакладная колькасць тых, што звольняць яшчэ не вядомая, бо плануецца пазбавіцца ад так званых няпрофільных актываў. Са складу прадпрыемства будуць выдзеленыя будаўнічыя службы, наша кавярня «Метан», крама «Метан», дзіцячы лагер і гэтак далей», - распавёў ён.
Але гэта яшчэ не ўсё. Чытач скардзіцца, што супрацоўнікаў прадпрыемства таксама прымушаюць за свае грошы закупляць... торф.
«А больш за ўсё абурае тое, што пры сітуацыі, якая склалася нас прымушаюць купляць торф, таму што ў нашым абласным прадпрыемстве ёсць некалькі падшэфных торфазаводаў. Патрабуецца купіць мінімум 1 тону коштам 983 000 і 820 000 беларускіх рублёў. Людзі ад безвыходнасці пачалі пісаць заявы і купляць той торф, што танней. Аднак сталі прывозіць той, што даражэйшы і, што дзіўна, горшай якасці. Поўнае бязмежжа! Кіраўніцтва спрабуе развязаць свае праблемы за наш кошт.
Ведамасць разнарадкі торфу па службам прыкладаю», - напісаў чытач.
На прадпрыемстве charter97.org сказалі, што звальненні сапраўды будуць, але пакуль не ясна, у якіх маштабах. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара, начальнік аддзела прававой і кадравай работы Валерый Ярамееў.
«Гэта не зусім так. Справа ў тым, што ў нас будзе аптымізацыя, але афіцыйныя дакументы яшчэ не прынятыя, таму дакладных лічбаў яшчэ няма», - сказаў ён.
Нагадаем, апошнім часам многія прадпрыемствы пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. Так, толькі за пачатак сакавіка ў рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Менскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» ды іншыя.