Дональд Туск: Санкцыі супраць Расеі - добры спосаб падтрымаць Украіну
1- 19.03.2015, 20:34
- 6,630
Кіраўнік Еўразвязу ўзгадніў з Мэркель і Аландам тэрмін санкцый супраць Расеі.
Дональд Туск дамовіўся з канцлеркай Нямеччыны і прэзідэнтам Францыі ўвязаць захаванне сектаральных санкцый супраць Расіі з выкананнем Менскіх пагадненняў. Пра гэта паведамляе «Комсомольская правда» са спасылкай на Reuters.
Разам палітыкі прыйшлі да кампраміснай пастановы, паводле якой санкцыі супраць Расеі будуць працягнутыя прынамсі да канца 2015 года. На іх думку, гэта з'яўляецца апошнім тэрмінам аднаўлення Украінай поўнага кантролю над сваёй мяжой.
Фармальная пастанова аб працягу санкцый, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца ў ліпені, не будзе прымацца да саміту Еўразвязу, вызначанага на чэрвень, адзначае агенцтва.
Украінскі прэм'ер-міністр Арсеній Яцэнюк сказаў, што лідэры ЕЗ павінны абмеркаваць аднаўленне існых санкцый або пашырэння санкцый, калі Расея не выканае Менскія пагадненні, але пры гэтым ён адхіліў ўсялякія размовы аб змякчэнні захадаў.
- Калі Пуцін парушыць пагадненні, прынятыя лідэрамі краін-чальцоў ЕЗ, гэта будзе вялікі поспех прэзідэнта Пуціна, і гэта будзе катастрофай для вольнага свету, - сказаў Яцэнюк журналістам у Брусэлі пасля перадвыніковай сустрэчы з Тускам у чацвер.
Яцэнюк таксама адзначыў, што ЕЗ пакуль яшчэ не адказала на запыт Украіны на міратворцаў ААН або паліцэйскай місіі ЕЗ для маніторынгу рэжыму спынення агню.
- Мы чакаем, што нашы еўрапейскія сябры падтрымліваюць гэтую ідэю, - сказаў ён.
Нагадаем, амерыканскі прэзідэнт Барак Абама і нямецкая канцлерка Ангела Мэркель дамовіліся аб патрэбе пакінуць у дзеянні санкцыі супраць Расеі.