Прызначэнне новага рэктара ЕГУ адкладзенае
3- 2.03.2015, 17:12
- 5,224
Пастанова аб прызначэнні новага рэктара сёння прынятая не будзе.
Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў адміністрацыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
«Мы спадзяваліся завяршыць працэс пошуку да 1 сакавіка, аднак абмен думкамі ўсё яшчэ прадаўжаецца", - сказаў старшыня Кіроўнай рады Дэніэл Таршыс. Пазней у сакавіку будзе праведзенае пасяджэнне Кіроўнай рады, на якім, як спадзяецца рада, будзе прынятая пастанова ў гэтым вельмі важным пытанні. Тым часам акрэдытацыя ЕГУ была падоўжаная яшчэ на тры гады пры ўмове пастаянных паляпшэнняў у некаторых абласцях.
«Будучы адзіным у свеце ўніверсітэтам у выгнанні, многія студэнты і выкладчыкі якога рэгулярна перамяшчаюцца паміж Беларуссю і Літвой, мы добра ўсведамляем нашы структурныя выклікі. Але мы таксама прымаем на сябе сур'ёзныя абавязанні ў адпавяданні міжнародным стандартам у галіне выкладання і навукова-даследчай дзейнасці», - адзначае Дэніэл Таршыс.
Спіс прэтэндэнтаў складаецца з шасці імёнаў. У яго ўключана трое грамадзян Беларусі - лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч і філосаф Таццяна Шчытцова, якая выкладае ў ЕГУ.
На пасаду рэктара прэтэндуюць таксама тры грамадзяніна ЗША - Дэвід Полік, цяпер выконваючы абавязкі рэктара ЕГУ, прарэктар развіцця і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс і дырэктар офіса Інстытута міжнароднай адукацыі (Масква) Эдвард Рослаф.
Шэраг грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі двойчы - у снежні мінулага года і студзені гэтага - выказалі недавер камітэту выбараў рэктара ЕГУ праз закрытасць ягонай працы. На іх думку, рэктарам універсітэта павінен стаць выхадзец з Беларусі, а ВНУ павінна захаваць беларускі вектар развіцця. Такая пазіцыя і ў студэнцкай супольнасці.