Мілінкевіч прапануе паклікаць у Еўранэст «палатачнікаў»
32- 20.03.2015, 9:56
- 10,951
Лідар руху «За свабоду» заклікае ЕЗ да дыялогу з беларускім дыктатарам.
Пра гэта паведамляе прэс-служба арганізацыі.
Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што ўсе беларускія дэмакратычныя сілы «разам адстойваюць права беларусаў жыць у дэмакратыі і незалежнай краіне».
«Дэмакратыя абавязкова прыйдзе, але сёння для нас галоўнае - абараніць незалежнасць, бо яе можна страціць за адну ноч, і тады не будзе ні свабоды, ні правоў чалавека, ні Радзімы», - сказаў Мілінкевіч.
Палітык падкрэсліў, што дэмакратычныя сілы выступаюць за дыялог з ЕЗ: «Дыялогу няма альтэрнатывы. Але ён павінен будавацца на празрыстых прынцыпах, прагматычных дачыненнях з захаваннем павагі да каштоўнасцяў. Могуць быць цыклы прагрэсу і рэгрэсу, але Еўропа не павінна казаць: «Не жадаеце з намі - да пабачэння!» Трэба спрыяць лібералізацыі і росту еўрааптымізму як грамадзян, так і ўладаў нашай краіны. Найважнейшае - захаваць тут «смак Еўропы».
Са слоў Мілінкевіча, дыялог можа дапамагчы правесці ў Беларусі сумленныя выбары.
«Нам вельмі важна, каб беларускія парламентарыі як роўныя з роўнымі знаходзіліся ў Еўранэсце, - сказаў ён. - Сёння мы прапануем кампрамісны варыянт «5+5» (палова дэлегацыі ад палаты прадстаўнікоў, палова - ад грамадзянскай супольнасці). Ёсць надзея, што выбары ў наш парламент у 2016 годзе пройдуць ужо адкрыта, справядліва, мы палічым галасы разам з уладамі - і ў гэтай зале Беларусь будзе прадстаўляць паўнавартасная дэлегацыя».