Караблі NATO пакінулі Чорнае мора
2- 22.03.2015, 12:45
- 5,616
Карабельная групоўка NATO, якая знаходзілася ў Чорным моры, скончыўшы вучэнні, выйшла з яго акваторыі.
Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на турэцкія СМІ, якія публікуюць фатаграфіі праходу караблёў праз Басфор.
У пятніцу ваенна-марское камандаванне альянсу таксама паведаміла, што караблі Другой сталай ваенна-марской групы (SNMG2) NATO скончылі сумесныя з караблямі ВМФ Румыніі вучэнні на Чорным моры і вяртаюцца ў Міжземнае мора для аднаўлення патрулявання.
3-4 сакавіка пяць баявых караблёў і судны краін NATO, у тым ліку ракетны крэйсер Vicksburg, канадскі фрэгат Fredericton, турэцкі фрэгат Turgutreis, італійскі Aliseo і нямецкі танкер Spessart, увайшлі ў Чорнае мора. Яны правялі частку вучэнняў у заходняй частцы акваторыі Чорнага мора, а таксама наведалі балгарскі порт Варна.
Пасля трохдзённага візіту ў румынскі порт Канстанца караблі NATO ў панядзелак прадоўжылі вучэнні ля ўзбярэжжа гэтай краіны. У іх таксама ўзялі ўдзел румынскія фрэгат Marasesti, два карветы, два ракетныя катэры і тры знішчальнікі МіГ-21.
Са слоў прадстаўнікоў NATO, падчас серыі вучэнняў адпрацоўваліся дзеянні забеспячэння СПА карабельнай групоўкі, барацьбы з падводнымі лодкамі, адбіцця нападаў малых ракетных катэраў, а таксама манеўравання караблёў. Разам з тым былі праведзеныя вучэбныя стрэльбы.
Камандуючы SNMG2 контр-адмірал Брэд Уільямсан паведаміў, што на мінулым тыдні ў непасрэднай блізкасці ад караблёў альянсу назіралі баявыя караблі расейскага ВМФ і фіксавалі палёты самалётаў. Паводле некаторых звестак, гэта былі Су-27 і Су-30. Акрамя таго, прадстаўнік Генштаба ВМФ Румыніі Карнэліу Павел паведаміў, што ў панядзелак быў зафіксаваны аблёт раёна вучэнняў расейскім «выведвальным самалётам Іл-20 на вышыні трох тысяч метраў».
Пасля пачатку крызісу на ўсходзе Украіны ў Чорным моры практычна ўвесь час знаходзяцца караблі ВМС ЗША і іншых краін NATO. У адпаведнасці з канвенцыяй Мантрэ вайсковыя караблі не чарнаморскіх дзяржаў не могуць знаходзіцца там даўжэй за 21 дзень. Пры гэтым агульны танаж вайсковых суднаў не чарнаморскіх дзяржаў не павінен перавышаць 30 тысяч тон.