29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі ў Варшаве: За нашу і вашу свабоду!

12

Акцыя, прысвечаная 97 гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, прайшла ў Варшаве.

Удзельнікі святочнага мерапрыемства сабраліся каля помніка Тадэвушу Касцюшку, а затым прайшлі шэсцем па цэнтральных вуліцах Маршалкоўскай, Свянтакшысцкай, Новы Свят і Кракаўскае Прадмесце. Дэманстрацыя завяршылася ля помніка паэту Адаму Міцкевічу. Арганізатары акцыі - рух салідарнасці «Разам», грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» і Беларускі дом у Варшаве - адзначылі сімвалізм маршруту шэсця. Яно пачалося і скончылася ля помнікаў двум вядомым людзям, якія аб'ядноўваюць беларусаў і палякаў.

У дэманстрацыі, як паведамляе карэспандэнт charter97.org, узялі ўдзел блізу 200 чалавек. Падчас акцыі, якая прайшла пад сцягамі Беларусі і Еўразвязу, гучалі лозунгі «Жыве Беларусь!», «За нашу і вашу свабоду!», «Свабоду палітвязням!». Таксама да шэсця далучыліся актывісты з Расеі і Украіны.

Перад пачаткам акцыі і пасля завяршэння шэсця прайшлі мітынгі, на якіх выступілі прадстаўнікі беларускіх, украінскіх і расейскіх арганізацый, а таксама дэпутаты Сейма Польшчы.

Лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык нагадаў пра гадавіну яшчэ аднае падзеі - пакарання лідара нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага. Таксама ён распавёў пра гісторыю адраджэння святкавання Дня Волі.

«Удзельнікі паўстання, як і тыя, хто абвяшчаў незалежнасць у 1918 годзе, змагаліся за тое ж, за што змагаемся і мы - за свабоду нашай краіны, за тое, каб яна стала нармальнай еўрапейскай дзяржавай. На жаль, большая частка лідараў Беларускай Народнай Рэспублікі была знішчана бальшавікамі - некаторыя загінулі ў баях, астатнія - у ГУЛАГу. У савецкі час здавалася, што беларусы забыліся і пра сваю гісторыю, і пра свае сімвалы. Але ў 1989 годзе студэнт Алесь Пушкін упершыню ў Менску выйшаў на Дзень Волі. Пасля гэтага 25 сакавіка сталася ўсенародным святам. Цяпер кожны год беларусы адзначаюць свой Дзень незалежнасці. Нават у часы дыктатуры Лукашэнкі акцыі, прысвечаныя гэтаму святу - адны з самых масавых. Яны паказваюць, што беларусы па-ранейшаму гатовыя змагацца за свабоду і незалежнасць», - сказаў Вячаслаў Сіўчык.

На мітынгу таксама выступілі дэпутаты польскага Сейма. Марцін Свянціцкі з партыі «Грамадзянская платформа» адзначыў, што барацьбу беларусаў за свабоду падтрымліваюць суседнія народы, прадстаўнікі якіх прысутнічаюць на акцыі, у тым ліку палякі і ўкраінцы.

«Калі ў 1991 годзе распаўся СССР, Беларусь стала свабоднай краінай. На жаль, захаваць гэтую свабоду не ўдалося. У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць палітычных актывістаў і журналістаў. Сёння, назіраючы за расейскай агрэсіяй ва Украіне, многія кажуць, што для захавання незалежнасці патрэбна моцная ўлада. Але паглядзіце на Украіну. У гэтай краіне ідзе вайна, супраць яе разгорнутая агрэсія з усходу. Але пры гэтым у гэтай краіне ёсць свабода, у яе атрымліваецца змагацца. Свабода з'яўляецца самай вялікай гарантыяй сілы народа. І толькі свабодных людзей можна арганізаваць на барацьбу», - сказаў Марцін Свянціцкі.

Дэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» Пётр Пыжык павіншаваў беларусаў са святам і запэўніў, што Варшава працягне падтрымліваць дэмакратычныя пераўтварэнні ў нашай краіне.

«Польшча ўжо дапамагае студэнтам з Беларусі стыпендыяльнай праграмы і зробіць усё магчымае для зніжэння коштаў на візы. Таксама мы працягнем падтрымліваць незалежныя СМІ», - сказаў ён.

Судырэктар Беларускага дома ў Варшаве Уладзімір Кобец падчас свайго выступу заклікаў ушанаваць хвілінай маўчання тых, хто загінуў за свабоду нашай краіны. Ён падкрэсліў, што беларусы дагэтуль прыносяць ахвяры ў барацьбе за незалежнасць і дэмакратыю, нагадаўшы аб забойствах лідараў апазіцыі, грамадскіх дзеячаў і журналістаў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага, Алега Бябеніна і іншых.

«Мы сёння чуем ад многіх, што рэжым Лукашэнкі, які забіў іх, выступае гарантам беларускай незалежнасці. На самай справе гэта не так. Гэты рэжым - адзіная прычына, па якой многія з нас сёння знаходзяцца тут, за мяжой, а не на радзіме. Лукашэнка з самага пачатку знішчаў усё, што звязана з незалежнасцю Беларусі. Гэты чалавек, выскачыўшы, як чорт з табакеркі, і узяўшы з дапамогай расейскіх спецслужбаў ўладу, сёння працягвае разбураць нашу незалежнасць. Адзіная прычына, па якой наша краіна можа канчаткова страціць яе - здрада Лукашэнкі і ягонага атачэння.

Мужныя украінцы, якія сёння амаль у адзіночку супрацьстаяць расейскай агрэсіі, ратуюць і нашу незалежнасць. Мы ведаем, што ў Беларусі ўжо стаяць расейскія войскі. Мы ведаем, што ўжо прынятая пастанова аб павелічэнні іх колькасці. У адну ноч наша краіна можа апынуцца часткай Расеі на жаданне Пуціна. І толькі барацьба ўкраінцаў сёння звязвае сілы гэтай арды, якая стагоддзямі замахваецца на нашы землі.

Многія нашы сябры на Захадзе казалі пра тое, што дэмакратыя да нас прыйдзе з Расеі. Пабойцеся Бога! Адтуль ніколі нічога добрага для нас не прыходзіла. Таму толькі захаваўшы адданасць Акту 25 сакавіка, беларусы змогуць не страціць сваю незалежнасць і скінуць прарасейскі акупацыйны рэжым», - сказаў Уладзімір Кобец. 

Украінская актывістка Наталля Панчанка запэўніла, што беларусы заўсёды могуць разлічваць на падтрымку і салідарнасць украінцаў.

«Вы ўсе ведаеце, якім цяжкім быў гэты год для Украіны. І вы, і мы ведаем, як вы падтрымалі і прадаўжаеце падтрымліваць нас. Мы ведаем, як шмат беларусаў стаяла на Майдане, і мы ведаем, як шмат беларусаў цяпер дапамагае супрацьстаяць самай жахлівай агрэсіі з боку Расеі. Мы вам за гэта вельмі ўдзячныя. І ў такі важны дзень, як сёння, мы сабраліся, каб павіншаваць вас са святам. Мы не маглі не быць з вамі. Магчыма позна, толькі тады, калі Міхаіл Жызнеўскі аддаў жыццё за Украіну, мы зразумелі, што беларусы для нас вельмі блізкі народ. Я хачу пажадаць, каб вы былі настолькі свабоднымі, каб ваш народ змог выбіраць у якой краіне яму далей жыць. Я хачу пажадаць, каб Дзень Волі для вашых дзяцей і ўнукаў быў самым важным святам у жыцці. Безумоўна, гэта не лёгка. Усе краіны атрымлівалі сваю незалежнасць вельмі складаным і вельмі доўгім шляхам. Я жадаю, каб гэты шлях для вас быў як мага больш лёгкім. І жадаю, каб праз гады, калі Украіна і Беларусь сапраўды будуць незалежнымі, у нас была светлая будучыня і сцягі Беларусі і Украіны, як і сёння, заўсёды луналі б побач», - сказала Наталля Панчанка.

Расейская актывістка Валянціна Чубарава заявіла аб тым, што шмат хто ў Расеі выступаюць супраць палітыкі Уладзіміра Пуціна і падтрымліваюць свабоду і незалежнасць былых савецкіх рэспублік, у тым ліку, Беларусі і Украіны. На акцыю яна прыйшла з расейскім сцягам.

«Для нас вельмі важна, каб сімвалы нашай краіны не асацыяваліся з агрэсіяй і імперыялізмам. Я заўсёды спачувала беларусам праз забарону бел-чырвона-белага сцяга. Але сёння я часам думаю, што было б добра, калі б Пуцін вярнуў савецкія сімвалы. Тады б бела-сіне-чырвоны сцяг застаўся нам, апазіцыі, і было б добра зразумела, хто ёсць хто. Мы вельмі хочам вярнуць трыкалору яго першапачатковае значэнне. Ён павінен быць сцягам не пуцінскай, а дэмакратычнай Расеі. Расеі 1991 года, Расеі Барыса Нямцова.

Я заўсёды брала ўдзел у акцыях, якія праходзілі ў Маскве каля амбасады Беларусі ў Дзень волі. Многія мае сябры былі ў намётавым мястэчку ў Менску ў 2006 годзе. Для мяне вельмі важна ўсё, што адбываецца ў Беларусі. Мы заўсёды жартавалі, што Расея адстае ад вашай краіны года на паўтара. Усе, што Лукашэнка робіць у Беларусі, праз некаторы час паўтараецца ў нас. На жаль, апошнім часам Пуцін абагнаў яго. Шмат хто на Захадзе ўважае Лукашэнку меншым злом. Але трэба разумець, што яны абодва - аднаго поля ягады, і барацьба беларусаў, украінцаў і расейцаў супраць Пуціна з'яўляецца нашай агульнай справай», - сказала Валянціна Чубарава.

Судырэктар Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк адзначыў, што рана ці позна беларусы будуць адзначаць Дзень Волі на дзяржаўным узроўні.

«Я ўпэўнены, што ў нашай краіне, як у суседняй Літве, праз некаторы час будзе два святы. Мы будзем адзначаць Дзень Волі 25 сакавіка, як гадавіну абвяшчэння незалежнасці. 27 ліпеня таксама стане святам. У гэты дзень беларусы будуць адзначаць аднаўленне нашай незалежнасці», - сказаў ён.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках