18 кастрычнiка 2019, Пятніца, 20:29
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Замежны капітал сыходзіць з Беларусі

2
Замежны капітал сыходзіць з Беларусі

Паводле звестак Міністэрства замежных спраў Беларусі, у 2014 годзе спынілі дзейнасць 236 замежных кампаній і арганізацый.

Колькасць прадстаўніцтваў, якія ізноў адкрыліся, а таксама тых, каму прадоўжылі ліцэнзіі, склала 128. Большасць кампаній, якія пайшлі з беларускага рынку - расейскія.

У кожнай фірмы былі свае, як правіла, эканамічныя прычыны закрыцця прадстаўніцтваў у нашай краіне. Выключэнне складаюць толькі Данецкі металургічны завода і прыватнае акцыянернае таварыства «Паўночнаданецк АРГХІМ», размешчанае ў Луганскай вобласці. Яны былі вымушаныя спыніць дзейнасць сваіх офісаў праз ваенны канфлікт, піша «Завтра твоей страны».

Характэрна, што расейскі капітал не толькі хутчэй іншых уцякае з Беларусі, але і актыўна асвойвае наш рынак. У мінулым годзе ў нашай краіне кампаніі з Расеі адкрылі 62 прадстаўніцтвы. Гэта амаль палова ад агульнай колькасці новых замежных камерцыйных структур і грамадскіх арганізацый. Асноўную іх частку складаюць вядомыя толькі ў вузкіх сегментах бізнэсу прадпрыемствы.

Але ёсць і некалькі даволі значных прадстаўнікоў расейскага бізнэсу, якія адкрылі свае офісы ў Беларусі. У прыватнасці, «Канцэрн «Радыётэхнічныя і інфармацыйныя сістэмы», які належыць мільярдэру Уладзіміру Еўтушэнкаву. Прадстаўніцтва ў нашай краіне зарэгістравалі расейскія аддзяленні транснацыянальных карпарацый «Данфос», «Метса Мінералз СНД», «Джэнерал Мотарз Аўта», «Хэнкель Рус», а таксама «Фесціна-інвест» - кампанія беларусаў, якая працуе на рынку Расейскай Федэрацыі.

Два офісы адкрылі ў Беларусі летась прадпрыемствы з Казахстана, адзін - з Азербайджана (Гянджынскі аўтамабільны завод). Пяць прадстаўніцтваў, сярод якіх кампанія «Крэатыў», якая плануе будаўніцтва вялікага завода па перапрацоўцы соі, стварылі ў нашай краіне ўкраінскія бізнэсы.

Сярод прадстаўнікоў Еўразвязу традыцыйна высокую актыўнасць праявілі бізнэсоўцы з краін Балтыі, якія адкрылі 17 офісаў: 9 літоўскіх кампаній, 6 латвійскіх і 2 эстонскіх. У 2014 годзе былі таксама зарэгістраваныя прадстаўніцтвы кампаній і ўстаноў Польшчы, Аўстрыі, Балгарыі, Кіпра, Чэхіі, Нідэрландаў, Харватыі, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Славеніі і Венгрыі.

Беларускім рынкам зацікавіліся дзве кампаніі са Швейцарыі, тры - з Турцыі, а таксама Кітайская чыгунка, бізнесоўцы з Індыі, Сінгапура, ЗША, Чылі, Ірана. З'явіўся ў нашай краіне летась і офіс кампаніі з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў RiyadaInvestment, з кіраўніцтвам якой у 2013 годзе сустракаўся Аляксандар Лукашэнка.