Рабочых і прадпрымальнікаў клічуць на Дзень Волі
10- 4.03.2015, 10:47
- 21,602
Заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу ў Дзень Волі 25 сакавіка аргкамітэт падасць у панядзелак.
Незалежныя прафсаюзы і індывідуальныя прадпрымальнікі запрошаныя на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску. Такую пастанову 3 сакавіка прыняў аргкамітэт падрыхтоўкі і правядзення Дня волі, піша belprauda.org.
Прадпрымальнікі сваім удзелам у Дні Волі змогуць выказаць свой пратэст супраць указу №222, які фактычна знішчае прадпрымальніцтва ў краіне.
«Прысутнасць вялікай колькасці людзей на Дні Волі пакажа ўладам, як людзі рэальна ставяцца да іхніх ініцыятываў, у тым ліку і ў сферы працы. Не задаволены заробкам, дзейнымі законамі - прыходзь на Дзень Волі. Вядома, калі будзе атрыманы дазвол Мінгарвыканкама», - кажа прадстаўнік руху салідарнасці «Разам» Ілля Дабратвор.
Аргкамітэт падасць заяўку на правядзенне Дня Волі ў панядзелак.
Дзень Волі адбудзецца 25 сакавіка ў Менску традыцыйным маршрутам: збор удзельнікаў акцыі запланаваны а 17-й гадзіне ля кінатэатра «Кастрычнік», адкуль дэманстранты пройдуць на Бангалор. Тут запланаваны мітынг і канцэрт беларускіх музыкаў пад лозунгам «Разам за мір і незалежнасць».