Прадпрымальнікі Берасця адмаўляюцца выходзіць на працу
5- 4.03.2015, 17:27
- 23,736
Прадстаўнікі малога бізнэсу ў Берасці не хочуць гандляваць без дакументаў.
Пра гэта заявіла кіраўніца Рады берасцейскага рэчавага рынку ЦУМ Алена Кустус, паведамляе «Радыё Рацыя».
Прадпрымальнікі гатовыя вярнуцца да працы толькі пры ўмове скасавання абавязковых сертыфікатаў на прадукцыю лёгкай прамысловасці ў рамках Мытнага саюза.
«Выйдзем на працу, калі штосьці зробяць на нашу карысць, калі перагледзяць пастанову №222 і пойдуць нам насустрач. Па-першае, што такое «рэшткі тавараў»? Гэта наш непраданы тавар, які па сутнасці сваёй - сезонны. У 80% прадпрымальнікаў няма такіх сродкаў, каб цяпер увозіць тавар і плаціць такія грошы», - кажа Алена Кустус.
Нагадаем, нядаўна ў Беларусі прайшоў Форум прадпрымальнікаў, на якім улады паставілі крыж на надзеях прадпрымальнікаў развязаць канфлікт: з 1 сакавіка ў дзеянне ўваходзіць нашумелы Указ №222 і гандляваць без належных суправаджальных дакументаў будзе забаронена. У выпадку парушэнняў іпэшнікаў будуць штрафаваць на 9 мільёнаў, а тавар будзе канфіскоўвацца.
Цягам апошніх некалькіх месяцаў ішлі масавыя стыхійныя праверкі і канфіскацыі.
1 сакавіка прадпрымальнікі наўпрост не выйшлі на працу. Так, у Менску і ў рэгіёнах пуставалі ўсе найбуйнейшыя рынкі. Палова ІП патлумачылі сваю адсутнасць «адпачынкам». Многія «з'ехалі за таварам» ці адкрыта абвясцілі, што прыпыняюць працу да высвятлення ўсіх абставін.
Пазаўчора прадстаўнікі малога бізнэсу атрымалі права на гандаль таварамі без сертыфікатаў, але толькі фармальна. На ўзроўні заканадаўства гэта пакуль не знайшло свайго адлюстравання.