Працаўнік Менскага падшыпнікавага завода скардзіцца на шантаж кіраўніцтва
25- 5.03.2015, 17:33
- 29,389
Начальства прадпрыемства змушае пісаць заявы на адпачынак за свой кошт, пагражаючы змяніць працоўную дамову.
Чытач charter97.org распавёў пра сённяшні інцыдэнт на ААТ «Менскі падшыпнікавы завод». Кіраўніцтва дэманстратыўна адключыла ацяпленне на прадпрыемстве і змушае пісаць заявы аб адпачынку за свой кошт на заўтра. У выпадку адмовы пагражаюць у аднабаковым парадку змяніць працоўную дамову.
«Сёння на заводзе адключылі ацяпленне і ўсіх рабочых прымушаюць напісаць заяву на прадстаўленне неаплачанага выхаднога дня на заўтра. Таму, хто адмаўляецца, будуць у аднабаковым парадку змяняць працоўную калектыўную дамову на адзін працоўны дзень у тыдзень і чатыры працоўныя дні ў месяц. Заявы на звальненне кіраўніцтва падпісваць катэгарычна адмаўляецца. Калі чалавек не падпісвае дакументы аб істотнай змене ўмоваў працы не ў яго карысць, то ён будзе звольнены праз два тыдні ў сувязі са зменамі ў працоўнай калектыўнай дамове», - паведаміў чытач.
Кіраўніцтва прадпрыемства адмовілася каментаваць сітуацыю сайту charter97.org.
Нагадаем, у гэты момант ідуць звальненні і робіцца ціск на шмат каго з супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў з мэтай скараціць страты і пратрымацца на паверхні ў варунках крызісу.