Падазраваны ў забойстве Нямцова падарваў сябе гранатай
61- 8.03.2015, 10:34
- 58,562
Падазраваны ў датычнасці да забойства Барыса Нямцова падарваў сябе гранатай у Грозным.
Пра гэта паведамляе ў нядзелю, 8 сакавіка, «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.
Злачынец, са слоў крыніцы, быў заблакаваны паліцыянтамі. Ён кінуў адну гранату ў бок супрацоўнікаў паліцыі, а другой зладзіў самападрыў.
Раней у праваахоўных органах Чачні паведамілі, што жыхар Грознага аказаў супраціў паліцыянтам. «Жыхар Грознага, які падазраецца ў забойстве, быў блакаваны ў адной з кватэр шматпавярховіка па вуліцы Льва Яшына (Грозны). На патрабаванні паліцэйскіх здацца ён кінуў у іх бок ручную гранату. Пры гэтым ад выбуху сам атрымаў асколачнае раненне і памёр на месцы», - заявілі ў МУС.
Ніхто з паліцэйскіх і грамадзян не пацярпеў.
7 сакавіка з падазрэння ў дачыненні да забойства Нямцова былі затрыманыя Анзор Губашаў і Заур Дадаеў. Паводле звестак Рады бяспекі Інгушэціі, Дадаеў служыў у батальёне «Поўнач» у Чачні, Губашаў працаваў ахоўнікам у падмаскоўным гіпермаркеце.
Палітык, сустаршыня «РПР-Парнас» і дэпутат Яраслаўскай абласной думы Барыс Нямцоў быў застрэлены ў ноч на 28 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў цэнтры Масквы. У апазіцыянера трапілі чатыры кулі, ён памёр на месцы.