21 чэрвеня 2024, Пятніца, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Верны ў малым і ў вялікім верны

33
Верны ў малым і ў вялікім верны
Зміцер Дашкевіч
Фота : С. Косцін

Я недзе прачытаў: “Клопатам аб уласнай сям’і можна апраўдаць любое злачынства”.

І яно так: лупіць цябе міліцыянт у камеры, а на заўтра на прадоле апраўдваецца “Ты ж не будзеш маіх дзяцей карміць”. Калі ж такую філасофію спраектаваць на ўсю краіну, можна было б сказаць і такім чынам: “Клопатам аб незалежнасці можна апраўдаць любое злачынства”. І мы ўжо трэці дзясятак год назірам, як клопатам аб народзе апраўдваецца любое зладзейства. Але апошнім часам да гэтай філасофіі жыцця далучыліся і прадстаўнікі апазіцыі. Вось днямі нават і сябар мой, з якім мы паралельна маталі пару год, падтрымаў канцэпцыю “калі ў імя незалежнасці, дык і з чортам лысым”.

Ніхто не спрачаецца: незалежнасць і самывызначэнне нацыяў – гэта тая святая свабода, якую ад стварэння свету даў кожнаму чалавеку і кожнаму народу Госпад. Любая ідэя, якая пасягае на права выбару асобы ці народа – гэта выразна бесаўская ідэя. Такім чынам, бараніць свабоду і незалежнасць – гэта таксама святая справа. Толькі вось метады! Метады – гэта тое, на чым мы часта спатыкаемся.

Гэта вельмі цяжка і не прыемна, зазірнуць у корань, але давайце паспрабуем. Каго прыйшоў вызваляць ва Ўкраіну “расейскі акупант”? Гэта нікому не сакрэт і вы можаце самастойна гэта прагугліць, – пра гэта не аднаразова заяўлялі і Пуцін, і Лаўроў, – Расея прыйшла ва Ўкраіну бараніць правы расейскамоўных грамадзянаў. Адсюль вынікае: расейская мова – гэта тэрыторыя, на якую прэтэндуе “расейскі акупант”; а расейскамоўныя – гэта людзі, каторыя свядома ці не свядома, мэтанакіравана ці не разумеючы таго, але даюць усе аргуманты Расеі прыйсці і бараніць правы “сваіх расейскамоўных братоў”.

І я кажу свайму сябру: “Паслухай, ты на якой мове размаўляеш?” Ён мне сумна так: “На расейскай”. Я яму: “Дык пра абарону якой незалежнасці ты гаворыш?! З якім чортам ты аб’яднацца хочаш, калі сам выдаеш “рускаму акупанту” ўсе падставы прыйсці і цябе вызваліць?!” Сябар мой маўчыць.

Ісус Хрыстос сведчыць: “Верны ў малым, і ў вялікім верны, а ня верны ў малым няверны і ў вялікім” (Лукі 16:10). Я не стамлюся крычаць пра адну рэч: давайце будзем паслядоўнымі! Давайце навучымся быць вернымі ў малым!

Госпад даў нам гэтае малое – нашу мову. Што можа быць лагічней за тое, каб проста пачаць на ёй гаварыць – і гэтым супрацьстаць “рускаму акупанту”? Але не, мы не хочам быць вернымі ў гэтым “малым”! Мы хочам адразу пра “вялікае”: пра зброю, пра абарону незалежнасці, пра кіраванне народам. Але падумайце самі, ці даверылі б вы камусці вялікую справу, калі перад тым ён дзесяць разоў заваліў малую? Ці даверыць нам Бог нашу краіну і яе абарону, калі мы раз за разам здраджваем у элементарных рэчах?

Я сам праз гэта прайшоў: вельмі цяжка паўсюль і заўсёды размаўляць па-беларуску, але, з іншага боку, сядзець у акопах і лавіць снарады “расейскага акупанта” будзе яшчэ цяжэй. Дык мо не будзем да гэтага даводзіць? Мо давайце паднаціснем на сваю волю і загаворым? Давайце мо паспрабуем быць вернымі ў малым, каб Госпад даверыў там тое вялікае, што Ён падрыхтаваў для нас і для нашага народа?

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках