Жанна Літвіна сыходзіць з пасады кіраўніка БАЖ
2- 24.04.2015, 10:24
- 8,034
У Менску сёння пройдзе IX справаздачна-выбарны з'езд рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Жанна Літвіна не выстаўляе сваю кандыдатуру на пасаду старшыні БАЖ. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв'ю часопісу «Абажур» напярэдадні IX з'езда арганізацыі, якая аб'ядноўвае 1500 журналістаў, паведамляе прэс-служба БАЖ.
«Я бясконца ўдзячная маім калегам, якія на папярэднім з'ездзе мяне падтрымалі і адэкватна паставіліся да той хвалі дыскрэдытацыі, якая была разлічана на развал арганізацыі. Мы выстаялі разам! - кажа яна. - Але існуе «закон грамадскай стомленасці». І аднойчы ён пачынае дзейнічаць не толькі ў дачыненні да кіраўнікоў дзяржаў, але распаўсюджваецца і на актывістаў грамадзянскай супольнасці.
Аднойчы прыходзіць разуменне таго, што, калі ў цябе ёсць пачуццё ўласнай годнасці, гэты крок - вызваленне пасады - чалавек павінен зрабіць свядома, своечасова, годна. Маё адчуванне, што гэты крок цяпер проста неабходны. Каб захаваць павагу да сябе, нават з улікам таго, што БАЖ - неад'емная частка майго жыцця.
Я неверагодна ўдзячная тым, з кім мела кантакты гэтыя 20 гадоў.
Я б хацела сваім адыходам падвесці своеасаблівую рысу пад перыядам у гісторыі БАЖ, звязаных з няспынным пераследам людзей нашай прафесіі, жорсткім дзяржаўным рэгуляваннем і умяшаннем у нашу працу. Вельмі хочацца спадзявацца, што самыя жорсткія выклікі і выпрабаванні, трагічныя падзеі засталіся ў мінулым.
Я бачу, што вырасла новая генерацыя журналістаў, лідараў БАЖ, якія здольныя адказваць на выклікі часу.
Мой сыход з пасады зусім не азначае, што лёс журналісцкай арганізацыі будзе мне абыякавы. Я застаюся ў БАЖ. І буду вельмі рада, калі мой досвед будзе запатрабаваным».
Паводле інфармацыі «Нашай Нiвы», у якасці новага кіраўніка арганізацыі Рада БАЖ будзе прапаноўваць намесніка Жанны Літвіной Андрэя Бастунца.