Украіна просіць ЕЗ агучыць магчымыя санкцыі супраць Расеі
- 25.04.2015, 13:32
- 18,530
Украінскі бок хоча, каб Еўразвяз апублікаваў тыя санкцыі, якія ён можа ўвесці супраць Расеі ў выпадку, калі будзе далейшае пагаршэнне сітуацыі ў Данбасе.
Пра гэта ў інтэрв'ю ZN.UA заявіў пастаянны прадстаўнік Украіны пры Еўрапейскім Звязе Канстанцін Елісееў.
«Мы хочам, каб ЕЗ выразна апублікаваў тыя санкцыі, якія ён можа ўвесці супраць РФ у выпадку, калі будзе далейшае пагаршэнне сітуацыі ў Данбасе, калі Масква будзе і далей ігнараваць выкананне Менскіх дамоўленасцей. Гэта павінна прагучаць выразна і публічна», - сказаў Елісееў.
На ягоную думку, у пытанні санкцый Еўропе вельмі цяжка захаваць адзінства.
«Вы ведаеце, што некаторыя краіны спрабуюць гэта адзінства парушыць і спрабуюць падлашчвацца з Масквой. Таму мы так настойліва працуем над захаваннем еўрапейскага кансенсусу. Шчыра скажу: вялікага апетыту да ўзмацнення санкцый у ЕЗ сёння няма. Усё яшчэ працягваецца дыскусія, што павінна ўважацца спускавым кручком для ўзмацнення санкцый», - адзначыў Елісееў.
«Але будзем шчырыя: некаторыя краіны хочуць дамагчыся галоўным чынам таго, каб не здарылася такой гарачай вайны, як мінулым летам, а далей працягнуць business as usual з краінай-агрэсарам. На шчасце, такіх краін няшмат. Але з імі трэба працаваць, і мы ўжо гэта робім», - сказаў дыпламат. Пры гэтым, з ягоных слоў, мовы пра паслабленне санкцый не ідзе.
Нагадаем, Расея ў сакавіку 2014 года пасля ўводу войскаў анексавала ўкраінскі Крым і пачала дэстабілізаваць абстаноўку ў Данбасе. Пры непасрэдным удзеле расейскіх спецслужбаў і падтрымцы расейскага войска на ўсходзе Украіны былі створаныя так званыя Данецкая і Луганская «народныя рэспублікі». РФ пастаўляе тэрарыстам зброю і накіроўвае на Данбас наймітаў і свае рэгулярныя войскі.
Праз гэтыя дзеянні ЗША, Еўразвяз, Канада, Японія, Аўстралія і многія іншыя краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі.
Украіна, нягледзячы на прыняты парламентам і падпісаны прэзідэнтам у верасні 2014 закон аб санкцыях, так дагэтуль і не ўвяла санкцыі ў дачыненні да Расеі. Згодна з законам, пастанова аб ужыванні санкцый павінна прымацца Радай нацбяспекі і абароны і ўводзіцца ў дзеянне ўказам прэзідэнта.