Байкераў Пуціна не ўпусцілі ў Польшчу
133- 27.04.2015, 15:23
- 42,981
Памежнікі не прапусцілі на тэрыторыю Польшчы групу расейскіх байкераў праз невыкананне імі патрэбных умоў для знаходжання ў краіне.
Пра гэта УНІАН паведаміла прэс-сакратарка Польскай памежнай службы Агнешка Голіяс.
«Ім адмоўлена ва ўездзе праз невыкананне імі патрэбных умоў уезду і знаходжання ў краіне», - сказала яна.
Са слоў Голіяс, кожны з іх атрымае пісьмовую інфармацыю, у якой будзе падрабязна растлумачана, чаму менавіта была прынятая такая пастанова.
Група расейскіх байкераў з нацыяналістычнага клуба «Начныя ваўкі» спрабавала пераканаць польскіх памежнікаў, што яны належаць да «Мемарыяла славы і перамогі». Перад уездам на мяжу з Польшчай у Беларусі расейскія матацыклісты актыўна раздавалі інтэрв'ю і не хавалі, што яны прадстаўляюць клуб «Начныя ваўкі».
Нагадаем, у сярэдзіне красавіка чальцы расейскага байкерскага клуба «Начныя ваўкі», з якім сябруе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, абвясцілі аб правядзенні з 25 красавіка да 9 траўня мотапраезду ў гонар 70-годдзя перамогі над фашызмам з Масквы ў Бэрлін праз Менск, Берасце, Вроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхен ды іншыя еўрапейскія гарады. Лідэр клуба Аляксандр Залдастанаў з'яўляецца ініцыятарам руху «Антымайдан» і ўваходзіць у лік грамадзян РФ, якія трапілі ў спіс неўязных у краіны ЕЗ.
Планы расейскіх байкераў выклікалі негатыўную рэакцыю ў краінах, якія яны мерацца наведаць у рамках акцыі.
24 красавіка МЗС Польшчы перадаў у амбасаду Расеі ў Варшаве ноту, у якой адмовіў групе расейскіх матацыклістаў ва ўездзе на польскую тэрыторыю.