Прэзідэнт Аўстрыі адмовіўся святкаваць 9 траўня разам з Пуцінам
8- 9.04.2015, 16:11
- 10,906
Прэзідэнт Аўстрыі Хайнц Фішэр не паедзе ў Маскву 9 траўня, дзе ў гэты дзень будуць адзначаць 70-ю гадавіну сканчэння Другой сусветнай вайны.
Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай прэс-службай аўстрыйскага прэзідэнта.
Чакаецца, што краіну на мерапрыемствах будзе прадстаўляць пасол Аўстрыі ў Маскве. Сам Хайнц Фішэр 8 траўня пры ўдзеле міністра абароны, расейскага пасла і іншых ушануе заканчэнне вайны, прынамсі, памяць загінулых у бітве пад Венай у красавіку 1945 года, піша "Еўрапейская праўда".
Прэзідэнт Аўстрыі таксама накіраваў у адрас расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ліст, дзе ўшанаваў памяць мільёнаў савецкіх жаўнераў, якія прыклалі намаганні для аднаўлення дэмакратычнай Аўстрыі.
Нагадаем, большасць еўрапейскіх лідараў адмовіліся ад удзелу ў парадзе.
Так, раней стала вядома аб адмове ўдзельнічаць у парадзе прэзідэнта Чарнагорыі Філіпа Вуянавіча, прэзідэнта Малдовы Мікалая Цімафці, прэзідэнта Фінляндыі Саўлі Ніінісцё, прэзідэнта Славаччыны Андрэя Кіскі і прэзідэнта Балгарыі Расена Плеўнеліева.
Таксама адмовіліся прыехаць у Маскву на 9 траўня прэзідэнт ЗША Барак Абама, канцлерка ФРГ Ангела Мэркель, прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмеран, старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск, прэзідэнты Польшчы і Славеніі.
Многія з іх аргументавалі сваю адмову агрэсіяй Расеі ва Украіне.