5 траўня 2024, Нядзеля, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Кітайцы выкарыстоўваюць Беларусь для рассялення «жаніхоў»

32
Леанід Заіка: Кітайцы выкарыстоўваюць Беларусь для рассялення «жаніхоў»
Леанід Заіка

Крэдыту на 7 мільярдаў усё адно мала, а прагматычны Кітай мае планы на Беларусь.

Такое меркаванне выказаў charter97.org эканаміст Леанід Заіка.

- Ці выстарчыць нам кітайскага крэдыту? Гэта пытанне да «бацькі дэмакратыі» з рамана Ільфа і Пятрова «Залатое цяля». Вядома, грошай не выстарчыць. Мы імі ніякіх праблем не развяжам. На сённяшні дзень яны пойдуць на тое, каб заткнуць пэўныя дзіркі, аддаць пазыкі, якія на сёння складаюць 4 мільярды, і гэта толькі вонкавая яго частка. А цяпер яшчэ і ўнутраная запазычанасць расці пачынае, бо пачынае ўзнікаць фінансавы разрыў у прамысловым сэктары.

Дзіўная сітуацыя. Грошы гэтыя патрэбныя, вядома, і сумы гэтыя мы абмяркоўвалі, прычым даволі доўга. Грошы гэтыя пусцяць на тое, каб з 1 студзеня стала трошкі спакайней для чыноўнікаў. А 2 студзеня зноў пачнецца тая ж праблема, - мяркуе эканаміст.

- Што папросяць кітайцы наўзамен?

- Кітайцы вельмі прагматычныя. Іх цікавіць калійны камбінат. Іх цікавіць завод для вырабу колавых цягачоў. Тыя ж самыя японцы вельмі баяцца, што беларусы прададуць завод колавых цягачоў кітайцам, бо ў такім выпадку кітайцы будуць мець добрыя шасі для сваёй ядзернай ракетнай праграмы. Кітайцаў цікавіць сама зямля і сама магчымасць пасяліць тут дзяцей наменклатуры. Усё ж такі, тут Еўропа. Тут каву п'юць, і нават інтэрнэт больш вольна працуе. Таму ў часткі кітайскай эліты тут ёсць такія інтарэсы. Таксама ёсць інтарэсы, звязаныя з доўгатэрміновымі мэтамі. Ну і наогул, ёсць такая спрэс камуністычная цікавасць. Беларусь - гэта краіна еўрапейскага позняга спецыфічнага сацыялізму, а Кітай - гэта сучасны, новы азіяцкі сацыялізм. Таму, як кажуць, «камуністы ўсіх краін - яднайцеся!». Гэта працуе.

- Завод колавых цягачоў - настолькі важны стратэгічны вайсковы аб'ект?

- Рэч у тым, што Беларусь, як ні парадаксальна, у шэрагу тонкіх пазіцый займала досыць важнае месца ў вайскова-прамысловым комплексе Савецкага Саюза. Я сам пра гэта не ведаў, мне і маім калегам пра гэта неяк сказаў Зюганаў. Адно з прадпрыемстваў для вырабу цвёрдага ракетнага паліва знаходзіцца ў Беларусі, гэта вельмі важна. Я адмыслова адсочваў: 90% усіх ракет СССР, нават даўнія музейныя экспанаты, ствараліся на шасі ракетных колавых цягачоў. У шэрагу іншых пазіцый Кітаю патрэбныя калійныя ўгнаенні, таму яны з задавальненнем купілі б гэтае прадпрыемства.

- А ці ёсць яшчэ нейкія інтарэсы ў Кітая ў Беларусі, акрамя эканамічных?

- Ёсць адна праблема, яна ў шмат каго можа выклікаць дзіўную рэакцыю. У Кітаі адбыўся зрух дэмаграфічных акцэнтаў. За апошнія 15 гадоў колькасць народжаных хлопчыкаў, якія ўжо сталі мужчынамі, значна апярэджвала дзяўчатак. Кітай цяпер будзе валодаць вялікім патэнцыялам «жаніхоў». Гэта дзіўна. Але для Кітая гэта можа значыць розныя рэчы: або ім трэба ўводзіць шматмужжа, або развязваць праблему дысбалансу інакш. Працуючы ў Кітаі, мы абмяркоўвалі з маімі замежнымі калегамі тое, што гэтая асаблівасць можа выліцца ў вельмі вялікую праблему. Скажам, паўмільёна кітайскіх «жаніхоў» прыедзе жыць у Беларусь - і адразу нашы дзяўчаты кінуцца на іх. На гэты момант у шлюбных аб'явах ёсць нават аб'явы аб пошуку мужчыны «ад 19 да 99», то бок патрэба ёсць. Беларусь магла б быць цікавая для рассялення тут часткі моладзевага патэнцыялу Кітая, «жаніхоў».

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках