Мэркель патлумачыла матывы сваёй паездкі ў Маскву 10 траўня
40- 2.05.2015, 14:04
- 18,181
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель выпусціла відэазварот, у якім патлумачыла прычыну, праз якую яна вырашыла паехаць 10 траўня ў Маскву.
Паводле ейных слоў, Нямеччына як і раней нясе адказнасць за тое, што здарылася падчас вайны, піша РБК.
«У нас цяпер вельмі няпростыя стасункі з Расеяй, асабліва праз падзеі вакол Украіны», - цытуе федэральную канцлерку выданне Die Welt. «Але я мяркую ўсё роўна важна разам з расейскім прэзідэнтам ускласці 10 траўня вянок да Магілы Невядомага Салдата, каб ушанаваць памяць мільёнаў загінулых праз віну Нямеччыны», - дадала яна.
Ангела Мэркель падкрэсліла, што менавіта немцы асабліва адказныя за тое, што адбывалася ў часы нацыянал-сацыялізму. Менавіта жыхары Нямеччыны павінны ў першую чаргу разбірацца з уласнай гісторыяй - з'яўленнем канцлагераў, пераследам меншасцяў, дысідэнтаў.
Канцлерка Нямеччыны назвала ганьбай той факт, што ў сучаснай Нямеччыне яўрэйскія цэнтры павінны ахоўваць супрацоўнікі паліцыі. Пры гэтым Мэркель заклікала мігрантаў з іншых краін таксама вывучаць нямецкую гісторыю і станавіцца часткай грамадства ў сучаснай Нямеччыне.
Ангела Мэркель, як і большасць заходніх лідараў, адмовілася прыязджаць у Маскву на вайсковы парад 9 траўня. Аднак 29 красавіка прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што канцлерка ФРГ прыедзе на перамовы ў Маскву 10 траўня.