МЗС Нямеччыны: На ўсходзе Украіны магчымая эскалацыя ваеннага канфлікту
- 27.05.2015, 21:14
- 13,688
Міністр замежных спраў Нямеччыны 29 і 30 траўня наведае Украіну.
Кіраўнік міністэрства замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер (Frank-Walter Steinmeier) 29 і 30 траўня наведае Кіеў і Днепрапятроўск, дзе сустрэнецца з украінскім кіраўніцтвам і прадстаўнікамі АБСЕ.
Пра гэта ў сераду, 27 траўня, паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС Нямеччыны Марцін Шэфэр (Martin Schäfer), піша Deutsche Welle.
"Мы сур'ёзна заклапочаныя сітуацыяй на ўсходзе Украіны, бо там усё яшчэ не выходзіць усталяваць працяглы рэжым спынення агню", - заявіў Шэфэр. Ён таксама дадаў, што "пад Марыупалем і ля данецкага аэрапорта магчымая далейшая эскалацыя збройнага канфлікту".
Шэфэр зазначыў, што менскія пагаднення - гэта больш, чым проста дамоўленасць аб спыненні агню паміж украінскімі вайскоўцамі і ўзброенымі сэпаратыстамі. Без працяглага замірэння ўсялякія намаганні трацяць усякі сэнс, сказаў прадстаўнік нямецкага замежнапалітычнага міністэрства.
Паводле ягоных слоў, візіт Штайнмаера ва Украіну з'яўляецца "сігналам падтрымкі курсу рэформаў" украінскага ўрада.