Жывы голас Генадзя Бураўкіна
- 30.05.2015, 10:39
- 2,648
Сёння спаўняецца год з дня смерці народнага паэта.
У фондах Беларускага дзяржаўнага архіве кіна-, фота-, фонадакументаў захаваліся запісы, на якіх Генадзь Бураўкін чытае свае вершы. Іх падае БелаПАН на сваім сайце.
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 у вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і службоўца. У 1959 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Працаваў у рэдакцыі часопіса «Камуніст Беларусі», рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела літаратуры, намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1968-1972 гадах - карэспандэнт газеты «Правда» ў Беларусі, у 1972-1978 гады - галоўны рэдактар літаратурнага часопіса «Маладосць».
У 1976 годзе ў складзе дэлегацыі Беларускай ССР удзельнічаў у рабоце 31 сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
З 1978 года Генадзь Бураўкін узначальваў Дзяржаўны камітэт тэлевізіі і радыёвяшчання Беларускай ССР. З 1990 года быў сталым прадстаўніком нашай краіны ў ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. З'яўляўся чальцом Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
У 1997 - 1999 гадах Генадзь Бураўкін быў старшынём «Таварыства беларускай мовы». З 2008 года з'яўляўся кіраўніком назіральнага рады тэлеканала «Белсат».
Першыя вершы надрукаваў у 1952 годзе ў полацкай абласной газеце. З'яўляецца аўтарам зборнікаў паэзіі і прозы, кніг для дзяцей, сцэнарыяў дакументальных і мастацкіх фільмаў.
Народны паэт Беларусі памёр 30 траўня 2014 года.