Міліцыя страляла ў жыхара Гомеля, які ўявіў сябе супергероем
10- 20.06.2015, 12:47
- 6,927
Гомелец у стане наркатычнага ап'янення ўявіў сябе героем фільма «Зялёны Ліхтар» і на працягу паўгадзіны ратаваў Сусвет ад зладзеяў.
Як паведамляе праграма «Дэ-факта» тэлерадыёкампаніі «Гомель», 31-гадовы малады мужчына пракраўся на тэрыторыю аднаго з праваслаўных храмаў абласнога цэнтра, бегаў па ёй з нажом у адной руцэ і ўключаным ліхтаром у іншай. На патрабаванне міліцыянтаў, якія прыехалі, здаць зброю (у міліцыю патэлефанавала прыхаджанка храма - ІФ) ён адрэагаваў вельмі агрэсіўна, піша «Інтэрфакс».
- Цёмна было, падышоў мужчына, адзенне ў яго было незразумелае - як быццам у прасціну загорнуты, - распавёў тэлежурналістам міліцыянт-кіроўца Чыгуначнага аддзела Гомельскай абласной ўправы Дэпартамента аховы Ўладзімір Васькоў. - Ён свяціў ліхтарыкам мне прама ў твар і чытаў нейкія заклінанні.
На паверцы выявілася, што малады чалавек «пад кайфам» быў захутаны ў покрыва, а прамаўляў ён рэпліку любімага кінагероя з фільма Марціна Кэмпбэла «Зялёны Ліхтар»: «У цемры начной, пры святле дня злу не схавацца ад мяне. Тыя, у кім злыя думкі пануюць, палохайцеся святла Ліхтара».
Калі «выратавальнік Сусвету» пабег на праваахоўнікаў з нажом, у адказ быў адкрыты агонь з пісталета - спачатку некалькі папераджальных стрэлаў уверх, а затым ужо на паразу. Малады чалавек атрымаў раненне ў нагу і быў шпіталізаваны. А праз некалькі дзён быў дастаўлены да следчых на допыт.
Як паведамляе тэлепраграма «Дэ-факта», у дачыненні да гомельца распачатая крымінальная справа праз пагрозу супрацоўнікам міліцыі. Максімальнае пакараньне паводле гэтай справы - да пяці гадоў пазбаўлення волі.