Пратэсты ў Арменіі: сотні дэманстрантаў правялі ноч у цэнтры Ерэвана
17- 24.06.2015, 10:00
- 15,024
Удзельнікі акцыі пратэсту супраць падаражання электраэнэргіі ў Арменіі правялі ноч на 24 чэрвеня на цэнтральным праспекце Баграмяна ў Ерэване.
Як паведамляе PanArmenian.net, ноч прайшла спакойна, паліцыя не рабіла спроб разгону. Удзельнікі пікету, у сваю чаргу, выбудавалі своеасаблівыя "барыкады" са смеццевых бакаў. Раніцай пратэстоўцы пачалі арганізавана прыбіраць назапашанае на месцы правядзення пікету смецце.
Акцыя пратэсту супраць падвышэння тарыфаў праходзіць і ў Гюмры - другім па велічыні горадзе Арменіі. Як паведамляюць мясцовыя СМІ, на Тэатральнай плошчы горада напярэдадні вечарам сабраліся некалькі сотняў чалавек у падтрымку шырокамаштабнай маніфестацыі, якая праходзіць у Ерэване. Людзі, што сабраліся, абмяркоўваюць сітуацыю ў сталіцы і складаюць план далейшых дзеянняў. Са слоў дэманстрантаў, разгон акцыі ў Ерэване мае зваротны эфект.
Раней група армянскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў сфармавалі "жывы шчыт" паміж удзельнікамі акцыі пратэсту ў цэнтры Ерэвана і паліцыянтамі. У цэнтр горада, дзе сабраліся людзі, прыехалі былыя і цяперашнія дэпутаты парламента Арменіі, міністр адукацыі Армэн Ашацян, дырэктар Лялечнага тэатра Рубэн Бабаян, актор Аванэс Азаян, а таксама іншыя артысты і грамадскія дзеячы, паведамляе расейская служба BBC.
Нагадаем, 23 чэрвеня армянскія паліцыянты ўжылі сілу і вадамёты для разгону дэманстрантаў на праспекце Баграмяна ў цэнтры Ерэвана.
Паліцыя пасля некалькіх "знакаў папярэджання" пачала сілай разганяць мітынгоўцаў, якія ўначы занялі вуліцу ў армянскай сталіцы, што вядзе да прэзідэнцкага палаца. Паводле папярэдніх звестак, у выніку сутыкненняў ёсць траўмаваныя, паведамляецца пра затрыманых.
Аднак вечарам пратэстоўцы зноў адправіліся на дэманстрацыю да прэзідэнцкага палаца.
Людзі пачалі садзіцца на асфальт. Яны свісталі і крычалі "Свабода" і пажаданні, каб армянскі прэзідэнт сышоў з займаемай пасады.
Акрамя таго, як паведамілі журналісты, пазней падвязлі вадамёты, якімі напярэдадні разагналі мітынгоўцаў.
Пасля паліцыя прапанавала пяці ўдзельнікам акцыі пратэсту супраць падаражання электраэнэргіі сустрэцца з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам, аднак яны адмовіліся ад перамоваў.