«Электрамайдан» у Арменіі: дэманстранты адмаўляюцца пакідаць цэнтр Ерэвана
23- 24.06.2015, 15:04
- 50,416
Армянская паліцыя заклікала пратэстоўцаў у цэнтры Ерэвана разысціся і вызваліць заблакаваныя вуліцы.
У той жа час, з паведамленняў мясцовых СМІ, улады паабяцалі не ўжываць сілу да таго часу, пакуль акцыя мае мірны характар. Мінулай ноччу больш за 6 тысяч чалавек, якія пратэставалі супраць падвышэння кошту электраэнэргіі, распачалі другую спробу рушыць да рэзідэнцыі прэзідэнта, але былі заблакаваныя паліцыяй.
Уночы да пратэстоўцаў далучылася група армянскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, што сфармавалі "жывы шчыт" паміж удзельнікамі акцыі пратэсту ў цэнтры Ерэвана і паліцэйскімі, перадае BBC.
З паведамленняў відавочцаў і журналістаў, колькасць пратэстоўцаў на праспекце Баграмяна зноў расце. Паліцыя ўстанавіла там загароды, паведамле News.am.
"Сёння мы тут, бо ўчора [ў аўторак] былі сутыкненні паміж мітынгоўцамі і паліцыяй. Каб не паўтарылася гэта, мы сёння тут, каб ішлі нармальныя перамовы, каб усё было высветлена мірным шляхам", - сказаў агенцтву Reuters адзін з пратэстоўцаў.
На мінулым тыдні, нягледзячы на грамадскае абурэнне, Дзяржаўная камісія рэгулявання грамадскіх паслуг Арменіі падвысіла тарыфы на электраэнэргію больш як на 16%.
Галоўным патрабаваннем пратэстоўцаў застаецца скасаванне пастановы ўладаў аб павышэнні коштаў.
Між тым, як паведамілі "Інтэрфаксу" ў Дзяржаўнай камісіі рэгулявання грамадскіх паслуг, пытанне аб пераглядзе гэтай пастановы не абмяркоўваецца. "Мы не прымалі пастанову, якая мае патрэбу ў карэктаванні", - цытуе агенцтва прэс-сакратара Камісіі рэгулявання грамадскіх паслуг Марыям Сцепанян.
Раней пратэстоўцы адмовіліся ад сустрэчы з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам, прапанаваўшы кіраўніку дзяржавы ў жывым эфіры абвясціць нядзейным пастанову аб падвышэнні тарыфаў на электраэнэргію.
24-гадзінная акцыя пратэсту праходзіць у Ерэване на плошчы Свабоды з 19 чэрвеня. Некаторыя СМІ ўжо назвалі гэтую акцыю "электрамайданам". Раным рана ў аўторак паліцэйскія разагналі пратэстоўцаў, ужыўшы вадамёты і затрымаўшы блізу 240 чалавек.
Пасля аднаўлення акцыі ў аўторак дэманстранты адгарадзіліся ад паліцыі самаробнай барыкадай і наладзілі сядзячы страйк. Удзельнікі акцыі прынеслі некалькі сметніц на праспект маршала Баграмяна, дзе размяшчаюцца ўрадавыя будынкі, і размясцілі іх проста насупраць паліцэйскага ачаплення.
Многія размахвалі нацыянальнымі сцягамі і выкрыквалі "Ганьба!" і "Не рабунку!".
Пад падобнымі ж лозунгамі на мінулым тыдні праходзілі акцыі пратэсту і ў іншых гарадах Арменіі. Удзельнікі акцыі, якая прайшла ў нядзелю ў горадзе Гюмры, таксама неслі плакаты з лозунгам "Мы не будзем плаціць!".
Дзяржаўная камісія рэгулявання грамадскіх паслуг Арменіі ўстанавіла новыя тарыфы на электраэнергію 17 чэрвеня. Згодна з пастановай камісіі, з 1 жніўня плата падвышаецца на 6,93 драма (блізу 0,015 даляра) да 48,78 драма (блізу 0,1 даляра) за кілават-гадзіну.
Улады патлумачылі такія захады ваганнямі курсаў валют.
Праз шчыльныя сувязі з Масквой Арменія таксама патрапіла пад удар праз эканамічны крызіс у Расеі.