7 траўня 2024, aўторак, 23:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Будаўнік АЭС: прарабы цэмент крадуць як вар'яты, а начальнікі - бюджэт

39
Будаўнік АЭС: прарабы цэмент крадуць як вар'яты, а начальнікі - бюджэт
ФОТА: DSAE.BY

З «будоўлі стагоддзя» звольніліся 2000 чалавек.

Пра гэта тэлеканалу «Белсат» распавёў адзін з будаўнікоў Астравецкай АЭС, які са зразумелых прычынаў папрасіў не называць ягонае прозвішча і імя.

Раней за куб залітага бетону давалі мільён, а цяпер 16 тысяч

- Я працую арматуршчыкам на «Белэнергабуд». З Новага года сяджу ў катлаване, вяжу арматуру, заліваю бетон і стаўлю апалубку. Паўтара года ўжо на іх батрачу, - кажа ён.

- Які ў вас заробак?

- Смешны, нават казаць не хочацца. Тры мільёны. Раней нармальна плацілі, нават да дзесяткі выходзіла, а цяпер дуля з маслам.

- А колькі дзён у месяц працуеце?

- Вахтай працуем - раней было так, што 15 працуеш і 15 - дома. А цяпер усім змянілі кантракты, паставілі 20 дзён у месяц. Ну, таму што бачаць, што няма выпрацоўкі, і па графіку адстаём. І не дзіўна. Каму ахвота за такія грошы надрывацца. У мяне норма за дзень - звязаць 500 кг. арматуры. Ды там касцямі ляжаш і не звяжаш. Зрабілі шалёныя нормы, каб плаціць менш. Раней за куб залітага бетону давалі мільён, а цяпер 16 тысяч. Валасы дыбарам становяцца.

Начальнікі разбазарваюць бюджэт, хто як можа

- А ёсць тыя, хто нармальна зарабляе?

- Кум, сват, брат... Разумееш? І самае цікавае, што яшчэ і крадуць гэтыя прарабы як вар'яты. Аднаго ўжо злавілі і цяпер судзяць.

- А што ён краў?

- І блокі, і цэмент, адным словам усё, што не так ляжыць. Жах, што робіцца. Начальнікі разбазарваюць гэты бюджэт, хто як можа.

- Шмат людзей звальняецца?

- Вельмі шмат. Год таму 6000 чалавек працавала. Цяпер блізу 4000. Я б таксама звольніўся, але ж ніхто не адпускае. Кажуць, няма каму працаваць. Маўляў, парушаеш кантракт, ды і гэта ж не выхад, узяць і сысці, я ж не хачу, каб мяне паводле артыкула звальнялі. Ды і куды пайсці? У нас тут на грузчыка конкурс 32 чалавекі. Працы ў горадзе няма. Спрабаваў напісаць заяву, а прараб сваю дупу затуляе і піша на заяве «азнаёмлены». Бо, калі дасць дабро на мой сыход, яго нацягнуць па поўнай праграме.

У нас на будоўлі ледзь не кожны трэці - украінец

- Не спрабавалі скардзіцца?

- На каго? Пісалі і ў Генеральную пракуратуру, і мясцовым чынушам, і да Лукашэнкі ў адміністрацыю. Пустое гэта ўсё. Пакуль не пачалася гэтая заварушка ва Украіне ўсё было нармальна. Дарэчы, у нас ці ледзь не кожны трэці на будоўлі - украінец. Нядаўна панаязджалі. Для іх тры мільёны - нядрэнныя грошы.

- Сям'я вялікая?

- Жонка і два сыны. Старэйшаму 27 і сам спраўляецца, а малодшы вучыцца. Сам разумееш, трэба ж на катлету якую даць, на праязны.

- А жонка дзе працуе?

- Транспарціроўшчыцай. Плацяць капейкі. 2.5 мільёна - гэта пражытачны мінімум. Як тут жыць?

- Як вам здаецца, хто вінаваты, што заробкі абрынуліся?

- Слухай, ну вось ён падпісвае Закон аб дармаедах і паралельна скарачае людзей. Ну ці гэта не ідыёт? Ідыёт. Ён, вядома, дысцыпліну трымае, але не гэтак жа... А парламент гэты, ну што яны там сядзяць? Я б на месцы Лукашэнкі пасадзіў гэтых дэпутатаў на заробак беларускага рабацягі. Вось тады яны б пачалі галавой думаць. Квартплата расце, усё расце, рабацяг прыціскаюць. Мне што, у будан цяпер ісці жыць?

- А хто больш вінаваты, Лукашэнка ці дэпутаты?

- Я табе гісторыю раскажу, як моладзь у нас на атамцы пра палітыку разважае. Адзін кажа: хлопцы, чаму карова сера аладкі, а каза гарошак? Усе адказваюць: не ведаем. Я да чаго вяду, калі не разбіраешся ў гаўне, не лезь у палітыку.

Нагадаем, супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы выступаюць многія міжнародныя арганізацыі, эколагі і ўлады суседняй Літвы. Раней стала вядома, што ўвод у эксплуатацыю першага энэргаблока станцыі прапануецца перанесці на год пазней.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках