Гендырэктар хакейнага клуба «Дынама-Менск» арыштаваны пасля праверак АБЭЗ?
16- 20.07.2015, 7:37
- 17,236
Максім Суботкін, паводле паведамленняў СМІ, адхілены ад пасады і затрыманы.
Вядома, што ў хакейным клубе праходзяць праверка АБЭЗ. Пасля яе заканчэння на мінулым тыдні адбылося пасяджэнне Назіральнага савета, паводле вынікаў якога Максім Суботкін быў адхілены ад пасады. Пазней стала вядома пра яго затрыманне, пішуць «Спортивные новости».
Генеральны дырэктар клуба, які наведвае ўсе матчы з яго удзелам, адсутнічаў на ўчорашняй сустрэчы. Крыніцы паведамляюць, што ён быў затрыманы пасля масавых праверак ДФР, АБЭЗ і шэрагу допытаў сведак у Менску і Бабруйску, піша «Трыбуна».
У клубе інфармацыю аб затрыманні не каментуюць.
Карэспандэнт «Прессбола» датэлефанаваўся да Максіма Суботкіна ў нядзелю а 21.20. Генеральны дырэктар клуба зняў трубку, аднак ад каментароў адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што вечар нядзелі - час позні. «Наогул час ужо позні. Тым больш нядзеля - выходны, час для адпачынку. Таму я нічога каментаваць не буду», - сказаў ён.
Максім Суботкін стаў дырэктарам «Дынама» ў 2013 годзе. Дагэтуль працаваў у структуры «Шынніка».