14 снежня 2019, Субота, 4:55
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Працяг кітайскага страйку: на працу будаўнікі так і не выйшлі

26

Высветлілася, што падчас «кітайскага бунту» ім заплацілі грошы толькі за два месяцы.

Нагадаем, у чацвер 2 ліпеня інтэрнэт абляцела навіна: у Беларусі ўзбунтаваліся кітайскія рабочыя. Яны вырушылі калонай з 300 чалавек з Добруша ў Гомель, а потым наважылі і зусім ісці на Менск. Кітайцы былі занятыя на будоўлі новага корпуса папяровай фабрыкі ў Добрушы. Як высветлілася, апошнія пару месяцаў ім не плацілі заробак. Але да Менска кітайцы так і не дайшлі. Рабочым нібыта выплацілі грошы.

ФОТА: НАТАЛЛЯ АШЭКА

Карэспандэнт «Камсамольскай праўды ў Беларусі» адправіўся ў Добруш у рабочую выправу.

У панядзелак 7 ліпеня на будоўлі ў Добрушы было пуста. Кітайскія рабочыя на працу так і не выйшлі. Яны групамі па пяць-шэсць чалавек хадзілі вуліцамі, хадзілі ў крамы, купаліся ў мясцовай рацэ Іпуць і лавілі рыбу.

- Штосьці іх сёння з самай раніцы вельмі шмат, - кажа прадаўшчыца ў мясцовай прадуктовай краме, што каля райвыканкама. Да яе і сапраўды выстраілася цэлая чарга кітайскіх рабочых.

- Проста з самай раніцы ідуць ды ідуць, - не перастае здзіўляцца жанчына. Купляюць кітайцы макароны, муку, недарагія сардэлькі, хлеб і малако. Дзве кітаянкі бяруць палтус 200 тысяч за кіло і гарэлку. Яшчэ адная пара, мабыць, муж і жонка, купляюць поўную торбу прадуктаў: ад алею да тварагу.

- Яны не моцна шыкуюць, - кажуць мясцовыя. - Мабыць, эканомяць.

- Звычайна кітайцы рэдка выходзяць шпацыраваць у горад, - тлумачаць мясцовыя жыхары. - Яны ж на будоўлі працуюць. Працуюць, кажуць, з 6.00 да 22.00. І там жа ў бараках жывуць.

Як высветлілася, на працу кітайцы не выйшлі сёння, бо заробак ім выплацілі ўсяго за два месяцы.

Афіцыйна

«У беларускай стараны ніякіх запазычанасцяў перад кітайцамі няма»

- Мы своечасова выконваем усе свае абавязанні паводле дамовы, - патлумачылі ў Добрушскай папяровай фабрыцы «Герой працы». - Гэта ўжо пытанне да кітайскай кампаніі, чаму яна не выплачвае заробак. Дарэчы, якасцю работ мы задаволеныя. Ужо 8 ліпеня павінен прыйсці першы цягнік з абсталяваннем. І дысцыплінай, і выкананнем работ да гэтага выпадку таксама былі задаволеныя.

Ёсць пытанне:

Чаму за 1000 даляраў не нанялі беларусаў?

- Далёка не кожны будаўнік цяпер зарабляе столькі, як кітайскія рабочыя ў Добрушы, - абурыліся чытачы. - Няўжо беларусаў нельга было наняць?

Высвятляецца, нельга. Рэч у тым, што праект пераабсталявання Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы» - інвестыцыйны. Грошы на пераабсталяванне выдаў Дзяржбанк развіцця Кітая паводле дамовы з урадам Беларусі. Усяго на праект выдалі 350 мільёнаў даляраў крэдыту. Але крэдыт не просты, а звязаны. Гэта значыць, што абавязковая яго ўмова - выконваць пераабсталяванне будзе кітайская будаўнічая кампанія, з кітайскімі рабочымі, у новых цэхах будзе стаяць кітайскае абсталяванне.

- Праўда, нашы беларусы будуць вокны і дах рабіць, - растлумачылі на фабрыцы.