11 траўня 2024, Субота, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cуд аштрафаваў журналістаў з Гомеля за інтэрв'ю

4
Cуд аштрафаваў журналістаў з Гомеля за інтэрв'ю
Кастусь Жукоўскі
ФОТА: «Радыё Свабода»

Суддзя Рагачоўскага раённага суда Аляксандр Крайнікаў прызнаў Кастуся Жукоўскага і Наталлю Крывашэй вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ.

Яны аштрафаваныя паводле ч.2 арт.22.9 КаАП - кожны на 35 базавых адзінак (па 6,3 млн рублёў). Падставай для штрафу сталі адміністрацыйныя пратаколы - іх склаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Рагачоўскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Юрый Астаповіч, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У пратаколе, прынамсі, гаворыцца: «12 траўня на пляцоўцы каля крамы «Продмікс» па вуліцы Багатырова ў Рагачове, не маючы акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь у якасці журналіста замежнага СМІ, Кастусь Жукоўскі ў групе з Наталляй Крывашэй праводзіў інтэрв'юіраванне грамадзян, тым самым незаконна вырабіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта відэасюжэт пад назвай «Несалодкі густ крызісу. Чаму Рагачоўская згушчанае малако застаецца на складах?» Відэасюжэт быў паказаны 14 траўня «на тэлеканале «Белсат» р. Польшча»(так пазначана ў пратаколе) у праграме «Аб'ектыў», а пасля размешчаны на афіцыйным сайце канала.

Гэтым нібыта і парушанае «патрабаванне ч.4 арт.35 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

На судзе, які адбыўся 2 ліпеня, ні Жукоўскі, ні Крывашэй не прысутнічалі. Позвы яны не атрымалі. Як патлумачыў суддзя Крайнікаў службе маніторынгу ГА «БАЖ», паводле інструкцыі па справаводству, суд мае права паведамляць аб пасяджэннях з дапамогай SMS-паведамленняў.

«Чагосьці іншага, акрамя штрафаў, чакаць ад судоў не даводзіцца, - каментуе пастанову Наталля Крывашэй. - У краіне крызіс. І спецслужбы, і міліцыя разам з судамі знайшлі адносна лёгкі спосаб папаўнення бюджэту - праз грамадскіх актывістаў і журналістаў-фрылансераў».

Яна заўважыла таксама, што ч.4 артыкула 35 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» тычыцца прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі ў Беларусі. Але яна не з'яўляецца штатным журналістам-замежнікам, бо не мае працоўнай дамовы ні з «Белсатам», ні з кім-небудзь яшчэ. Яна як грамадзянка Беларусі часам збірае і распаўсюджвае інфармацыю - такое права ёй гарантуе Канстытуцыя і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала беларуская дзяржава.

Для Наталлі Крывашэй у гэтым годзе гэта быў чацвёрты суд паводле аналагічных адміністрацыйных спраў, а Кастуся Жукоўскага судзілі ўжо сёмым разам (шэсць судоў тычыліся арт.22.9 ч.2 КоАП, адзін - арт.23.34 КаАП). Усяго Наталлі трэба выплаціць у бюждэт 24,3 млн рублёў, а Канстанціну – 31,5 млн рублёў.

Усяго ў Беларусі ў гэтым годзе суды ўжо 24 разы штрафавалі журналістаў-фрылансераў паводле арт.22.9 КаАП. Сума штрафаў перавысіла 129 млн рублёў.

На днях Праўленне ГА «БАЖ» зрабіла заяву, у якой гаворыцца, што «міліцыя і суды насуперак Закону «Аб СМІ» распаўсюджваюць абавязак атрымання акрэдытацыі ў МЗС на журналістаў-фрылансераў, якія не з'яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі замежных СМІ. А затым неабгрунтавана прыраўноўваюць дзейнасць без акрэдытацыі да парушэння парадку вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках