Беларусы рынуліся ў абменнікі
77- 20.08.2015, 19:57
- 67,479
Абмяняць рублі паспяваюць не ўсе - у некаторых касах банкаў даляраў ужо няма.
Пасля рэзкага падзення беларускага рубля беларусы рынуліся скупляць валюту. Як паведамляюць відавочцы, чэргі з'явіліся ў менскіх абменніках. Нагадаем, курс даляра сёння падняўся да Br16 498, еўра - да Br18 337.
У Баранавічах гараджане таксама пачалі актыўна скупляць даляры, піша intex-press.by.
У касах гарадскіх банкаў - вялікія чэргі. Гараджане масава скупляюць валюту, у некаторых акенцах ім адказваюць, што «даляры ўжо скончыліся».
У многіх гарадскіх банках Баранавічаў 20 жніўня чарга ў касы цягнецца да дзвярэй - людзі з пашпартамі і беларускімі рублямі ў руках падлічваюць, колькі даляраў змогуць купіць, адначасна дзівячыся хуткаму росту курсу валюты.
- Ты ўяўляеш, учора быў 16 270! - кажа мужчына свайму суразмоўцу, у чарзе аднаго з банкаў. - Што дзеецца...
Побач з ім дзяўчына дзеліцца той жа навіной з кімсьці па тэлефоне.
- Ды я ўжо нікуды не пайду, тут буду стаяць. А то ў іншых яшчэ даражэй будзе.
У руках у людзей - даволі буйныя сумы беларускіх рублёў. Купляюць у асноўным па 100-200 даляраў. Хоць карэспандэнт выдання стаў сведкам таго, як адзін чалавек прыйшоў адразу за некалькімі тысячамі даляраў.
- Дайце даляры на ўсё, - просіць мужчына, працягваючы касіру стос расейскіх грошай.
Пасля падліку канверсіі яму выдаюць больш за чатыры тысячы даляраў.
Некаторыя гараджане, мяркуючы паводле іхніх каментароў, адправіліся купляць «зялёныя» адразу пасля атрымання заробку.
- Дайце даляраў на 4 мільёны, - просіць жанчына ў касіра і паварочваецца да сяброўкі, усміхаючыся, - добра, што паспела атрымаць.
У некаторых касах у 14.00 гадзін ужо засталіся толькі стодаляравыя купюры, а больш «дробныя» скончыліся.
- Мне 100 даляраў, - просіць хлопец у адной з кас. Пакуль касір лічыць грошы, ён змяняе пастанову. - А не, давайце 150.
Пачуўшы, што самыя «дробныя» з пакінутых - гэта «соткі», махае касіру рукой.
- Тады яшчэ сто!
Некаторыя гараджане тэлефануюць сваякам і прапануюць купіць ім валюту, пакуль яна не скончылася. Але абмяняць рублі на «зялёныя» паспяваюць не ўсе - у некаторых касах гарадскіх банкаў даляраў ужо няма.
- Сказалі, што скончыліся... - кажа жанчына, выходзячы іх банка.
- А ты хоць што-небудзь паспела ўзяць? - цікавіцца мужчына, які цярпліва чакаў яе ля ўваходу.
- Ды нічога не паспела! - кажа ў засмучаных пачуццях жанчына і ўкладвае пашпарт са стосам беларускіх грошай у сумачку.