Істэрычны вертухай
20- 21.08.2015, 8:54
- 50,324
Працяг кнігі Андрэя Саннікава «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры».
Пачатак публікацый тут.
- Начальнік СІЗА КДБ палкоўнік Арлоў быў маім самым частым “суразмоўцам”. Не толькі маім – усіх палітычных зняволеных. І не адных вязняў “Амерыканкі”, якія апынуліся там пасля 19 снежня, але і зусім іншых. Анархіст Ігар Аліневіч, з якім у “каранціне” сядзелі мы на “дзесятцы” (у калоніі № 10), таксама распавядаў мне пра свае размовы з Арловым. На погляд Ігара, гэта далёка не шэраговы псіхолаг, добра падрыхтаваны для апрацоўкі арыштантаў. Напэўна, усё так і ёсць. Ігар увогуле разглядаў гэтых людзей унутры сістэмы, каб такім чынам больш дакладна вызначыць матывацыю іх паводзінаў і прадбачыць магчымыя дзеянні. Магчыма, быў у тым пэўны сэнс, аднак я не збіраўся корпацца ў вытоках учынкаў Арлова. І ўспрымаў толькі ў кантэксце ягоных паводзінаў і адпаведных дзеянняў.
Арлова прызначылі начальнікам “Амерыканкі” 20 снежня, у самы разгар арыштаў. Было зразумела, што ўсё гэта не выпадкова. Прызначылі адмыслова для нас, арыштаваных за Плошчу. Калі мяне ўпершыню завялі да яго ў кабінет, які месціўся на ніжнім паверсе “Амерыканкі”, ён проста ўразіў сваёй недарэчнасцю і поўнай неадпаведнасцю змрочнай вязніцы. Я ўбачыў невялічкага, нервовага, нават мітуслівага чалавечка, апранутага ў цывільнае. Ён увесь час ускокваў, бегаў па кабінеце, потым зноў садзіўся за стол, спрабуючы ўразіць адметнай важнасцю. Рэдкія валасы. Рэдкія зубы. Вялікі нос і нейкая неверагодная мізэрнасць зусім не адпавядалі ўяўленню пра тую агрэсіўную сілу, пад ўладай якой я тут апынуўся.
Арлоў прапанаваў гарбаты, я адмовіўся.
- Баіцеся, што атруцім?
- Не, грэбую.
- Правільна, што баіцеся, - Арлоў зрабіў выгляд, што не пачуў майго адказу. – У нас гэтая справа наладжана добра. А можа, усё ж вып’еце? Не люблю гарбату піць у самоце.
Я папрасіў вады.
Арлову падабаліся доўгія размовы. Часам ён выходзіў з кабінету. Няйначай каб паназіраць за рэакцыяй нечакана пакінутага арыштанта. Аднак не было такім ужо вялікім сакрэтам, што ўсе кабінеты ў КДБ абсталяваныя апаратурай аўдыё- і відэаназірання. Падчас размовы ў кабінеце пачынаў званіць тэлефон. Гэта таксама было складовай часткай нейкай гульні. У большасці выпадкаў Арлоў даваў зразумець, што размаўляе са старшынём КДБ. У размовах з Зайцавым трымаўся ён надзвычай незалежна, не прагінаўся перад начальствам, дэманструючы мне, нібы яны тут раўня.
Знешні выгляд і манера паводзінаў Арлова сведчылі пра тое, што ён абцяжараны безліччу комплексаў. Ён часта зрываўся ў істэрыку, а то раптам яго заносіла ў нейкі недарэчны пафас. Некалькі разоў заяўляў, што са зброяй сыдзе ў лясы, калі да ўлады прыйдуць гэткія, як мы. Я пераконваў яго у такіх выпадках, што гэта менавіта ён небяспечны для грамадства, а мы якраз прыхільнікі негвалтоўнага супраціву. “А ў мяне нават рука не здрыганецца”,- ўзнёсла абвяшчаў Арлоў, напэўна ўяўляючы сябе ў патаемнай зямлянцы з аўтаматам, біноклем і смартфонам.
Гаварыў Арлоў шмат, хлусіў бесперапынна. Паміж хлуснёй і праўдай у яго не існавала аніякай мяжы. Разбірацца ва ўсім гэтым, ды яшчэ аналізаваць ягоныя шматслоўныя маналогі ў мяне ўжо не было ні моцы, ні жадання. Тая інфармацыя, якая ў той момант была для мяне патрэбнай і нават карыснай, нейкім чынам сама па сабе выяўлялася ў ягоных прамовах. Арлоў быў на той час бадай адзінай крыніцай хоць якой-небудзь інфармацыі. І не толькі па крымінальнай справе. Яшчэ на самым пачатку ён абвесціў, што яго ніякім чынам не цікавіць ні следства, ні крымінальны пераслед. Начальнік СІЗА шчыра прызнаўся, што ў ягоныя абавязкі ўваходзіць падрыхтоўка зняволеных да допытаў, іх фізічная і псіхалагічная апрацоўка. Падчас гэтай апрацоўкі ён часам агалошваў карысную інфармацыю. Свядома ці выпадкова – гэта ўжо іншае пытанне.
Вось такім чынам даведаўся я, што Данька дома, з бабуляй і дзядулем, а афармленне апякунства працягваецца. Таксама мне стала вядома, што Іра ў адной камеры з Настай Палажанкай, што Мікола Статкевіч ужо спыніў галадоўку, а я нават не ведаў, калі ён тое абвесціў. І яшчэ – што Ўладзімір Некляеў перанёс крыз.
Арлоў так настойліва пераконваў мяне, што пра нас усе паспелі забыць, выбары прызнаныя светам і АБСЕ, а нас успрымаюць у лепшым выпадку як хуліганаў, што не цяжка было зразумець, які ціск адчувае гэты рэжым. Аднак Арлоў не мог супакоіца і аднойчы нават прынёс мне ў камеру дадзеныя сацыялагічных апытанняў інстытута НІСЭПІ, якім кіруе Алег Манаеў. Паводле дадзеных апытання, якое было праведзена пасля выбараў, перамагаў Лукашэнка, які набраў 51 працэнт галасоў. Сама лічба настолькі палахлівая, што каментаваць яе няма сэнсу. Я даўно меркаваў, што дзейнасць Манаева кантралююць улады, а тут яшчэ раз пераканаўся ў гэтым. Якія яшчэ вынікі апытання, акрамя карысных для ўлады, мог прынесці ў камеру начальнік СІЗА КДБ?
Калі з’явіліся “маскі” і пачалі наводзіць свае звярыныя парадкі ў “Амерыканцы”, пасля аднаго з тых дзён, калі яны былі асабліва актыўнымі і мне таксама перапала не на жарт, Арлоў крыху разгублена паведаміў мне, што пэўныя кантралёры ў СІЗА дзейнічаюць даволі аўтаномна. Я зразумеў, што ён спрабуе адцурацца ад буйных паводзінаў “масак” і паведамляе мне амаль адкрытым тэкстам, што яны яму не падпарадкоўваюцца.
Калі я сказаў Арлову, што прымусовы прагляд па ўнутраным тэлебачанні праграм фашыстоўскага, антысеміцкага характару і бясконцых сцэн гвалту – гэта не толькі катаванні, але і крымінальнае злачынства, Арлоў паспяшаўся паведаміць мне, што распрацоўкай праграм для нашага “перавыхавання” займаецца Інстытут нацыянальнай бяспекі. А ён проста абавязаны прытрымлівацца тых распрацовак. Інаўгурацыю Лукашэнкі паказвалі нам пяць разоў. Калі я не вытрымаў і спытаў у Арлова – “ну колькі можна?” – ён, і вокам не міргнуўшы, адказаў: “Дык вы ж ўвесь час адварочваецеся!”
Начальнік СІЗА вельмі любіў абмяркоўваць паводзіны іншых палітзняволеных. Напэўна, гэткія размовы ён наладжваў з усімі, каб больш дакладна вызначыць адносіны паміж намі. Для сябе я вырашыў, што Арлоў хлус, а таму нават не адгукаўся на ягоныя навязлівыя спробы пагаварыць пра іншых. Рэагаваў толькі на сведчанні пра Іру. Тут я мог адрозніць хлусню ад праўды.
Часам удавалася нават дамагчыся чагосьці карыснага. Ачмурэўшы ад памыйных перадач па “Арлоў-TV”, я прапанаваў начальніку СІЗА паказаць нарэшце што-небудзь іншае. Ёсць жа даволі прафесійныя фільмы нават у ліку тых, што ўслаўляюць працу чэкістаў. А то ад прымітыўных фальшывак пра выкрыццё шпіёнаў ужо ў ваччу цёмна. Ды пакажыце хоць бы той жа “Апостал”, 12-серыйны фільм пра тое, як удала ўкараняліся і працавалі падчас вайны разведчыкі ў нямецкім тыле. Спроба ўдалася. І некалькі дзён мы глядзелі сапраўды цікавае кіно, па серыі штодзённа. Аднак і тут не абышлося без гэбэшных фокусаў: заключную серыю з развязкай нам не паказалі.
З фільмамі быў яшчэ адзін кур’ёзны выпадак. Неяк увечары паказалі раптам “Шэрлака Холмса”. А мы тэлевізар уключылі, калі палова фільма прайшла. Варта было паглядзець яго увесь. І тады я сказаў сукамернікам, што ў мяне ёсць вельмі важная інфармацыя, звязаная з гэтым фільмам. Але паведаміць яе змагу толькі пасля таго, як пагляджу фільм з самага пачатку. Як і варта было чакаць, на наступны дзень фільм паказалі нам зноў. Дагледзеўшы яго да канца, я паведаміў сукамернікам, што начальства дапусціла чарговы “пракол”. Джуд Лоў, які выконваў у фільме ролю доктара Ватсана, актыўна падтрымаў палітзняволеных Беларусі – пра гэта я даведаўся ад маіх адвакатаў. Вядома, Джуд Лоў адразу быў унесены ў тутэйшыя “чорныя спісы”, і фільмы з ягоным удзелам былі забаронены для паказу па ўсёй Беларусі. Начальства думала ўвесь наступны дзень. Нічога асаблівага прыдумаць не змагло. І здзейсніла ў выніку штосьці неверагоднае: на экране тэлевізара ўвечары зноў з’явіўся “Шэрлак Холмс”.
З задавальненнем паглядзеў яго і ў трэці раз. Джуд Лоў весела смяяўся, калі потым, пры сустрэчы, я распавядаў яму гэту гісторыю.
Арлоў даволі часта правакаваў мяне на канфлікт. Раптам упалаў у істэрыку з яўным разлікам на тое, што павінна быць нейкая рэакцыя ў адказ. Звычайна падставай для ягоных істэрык было якое-небудзь маё выказванне наконт дыктатуры або адданых паслугачоў рэжыму. Ад гэтага ён проста шалеў. Ускокваў, бегаў па кабінеце, пагражаў.
І пачынаў чамусьці выдаваць нейкія факты сваёй біяграфіі. Так я даведаўся, што да СІЗА КДБ ён быў вайсковым асабістам – належаў да самай ненавіснай для іншых вайскоўцаў службы. Давялося яму прайсці і “гарачыя кропкі”. Сумаваў па Савецкім Саюзе, які так нечакана для яго разваліўся. Ненавідзеў свайго папярэдніка на пасадзе начальніка СІЗА. І адчуваў ні з чым не параўнаную асалоду ад таго, што мае такую ўладу над людзьмі.
Садысцкія схільнасці Арлоў выявіў у поўнай меры, калі мяне апанаваў аднойчы моцны прыступ падагры. Упершыню з гэтай хваробай я сутыкнуўся ў “Амерыканцы”. Правая нага распухла і стала таўсцей удвая. Пачалася ліхаманка і моцныя болі. Хадзіць я мог хіба толькі падскокваючы на адной назе. А трэба ж было яшчэ і выходзіць у прыбіральню – у камеры ўнітаза не было. Ад болю цямнела ў ваччу. Аднак з дапамогай да мяне тут не спяшаліся. Я, шчыра кажучы, спалохаўся нават – невядома, што з нагой. Падумаў нават, а можа, гангрэна? Уяўленне пра тое меў тады даволі цьмянае. Вельмі цяжка было ў такім стане зносіць боль, не маючы нават магчымасці захоўваць пасцельны рэжым. Запатрабаваў шпіталізацыі. Аднак мне катэгарычна адмовілі.
Менавіта ў той час Арлоў меў звычай выклікаць мяне на размовы. Чарговым разам я ў кайданках неяк здолеў спаўзці па стромкай лесвіцы і даскакаць да кабінета. Амаль нічога не чуў я з таго, што ён тады гаварыў, – усё спрабаваў нейкім чынам суцішыць боль. Арлоў сапраўды спагадліва распытваў пра маё здароўе, пераконваў, што вельмі хвалюецца з-за маёй хваробы. Аднак у шпіталізацыі адмовіў. Праўда, абяцаў распарадзіцца, каб нашу камеру не прымушалі спускацца ўніз, а некалькі дзён запар выводзілі ў прыбіральню на нашым паверсе – у “Амерыканцы” для зняволеных іх было дзве на на розных паверхах. А яшчэ, занепакоены станам майго здароўя, Арлоў аддаў загад не прымаць ад мамы харчовую перадачу. Уяўляю сабе стан маёй мамы, якая прынесла ў СІЗА тыя харчы і раптам пачула, што што прымаць у яе нічога не будуць. І ўсё без аніякіх тлумачэнняў. Што яна ў той момант магла падумаць, калі са мной ужо некалькі тыдняў не было ніякай сувязі? Потым ўжо тыя службоўцы зжаліліся над ёй і дазволілі перадаць толькі вараную каўбасу і тварог. Так яна хаця б даведалася, што я жывы.