5 сакавiка 2024, aўторак, 13:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Аліневіч: Байкот - гэта адзіны правільны ўчынак для беларуса

24
Ігар Аліневіч: Байкот - гэта адзіны правільны ўчынак для беларуса
Ігара Аліневіча з сям'ёй
ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

Пустыя выбарчыя ўчасткі - найбольш нагляднае выяўленне волі народа.

Так мяркуе былы палітвязень, лідар беларускіх анархістаў Ігар Аліневіч, які ўчора выйшаў на волю пасля вызвалення з калоніі пасля амаль пяцігадовага зняволення.

Пакуль Ігар Аліневіч устрымліваецца ад інтэрв'ю - хоча больш часу правесці з роднымі, але для сайта charter97.org зрабіў выключэнне, адказаўшы на пытанні галоўнай рэдактаркі Наталлі Радзінай.

- Ігар, Вас учора не змаглі сустрэць. Паведамлялася, што вас прывезлі проста ў менскую кватэру. Відавочна, што ўлады баяліся паўтарэння сустрэчы Мікалая Статкевіча на вакзале вялікай колькасцю людзей. Як Вас вызвалялі?

- Гэтая інфармацыя не зусім дакладная, мяне прывезлі на аўтавакзал, нейкім цудам я з усімі размінуўся. Даслоўна за некалькі хвілін я прайшоў паўз групы людзей. Вызваленне бывае толькі раз у жыцці, і тое не ў кожнага, таму складана запланаваць, каб яно неяк «правільна» прайшло. Самае галоўнае, што я дома, гэтаму я вельмі рады.

Учора а 04:00 да мяне прыйшлі аператыўнікі, сказалі збіраць усе рэчы і ісці на прапускны пункт. За некалькі дзён да гэтага мне падказвалі, што мяне павінны змясціць у памяшканне камернага тыпу, таму ў мяне торбы былі ўжо сабраныя, і ўсе былі ўпэўненыя, што мяне перавялі ва ўнутраную турму.

А потым правялі поўны ператрус, склалі пералік маіх рэчаў і павялі на выхад. Там мне зачыталі ўказ аб памілаванні, выдалі пашпарт, даведкі аб вызваленні, грошы. Мяне ўжо чакаў мікрааўтобус з супрацоўнікамі, якія завезлі мяне проста на аўтавакзал Віцебска і чакалі да таго часу, пакуль не прыедзе аўтобус і я ў яго не сяду. Вось, уласна, і ўсё.

- Мікалай Статкевіч мяркуе, што вызваленне палітвязняў звязанае з тым, што ў Лукашэнкі скончыліся грошы. Вы згодныя з ім?

- Пра ўсе драбніцы мы ніколі не даведаемся, бо нашае грамадства непразрыстае, і як прымаюцца пастановы - мы не ведаем. Ёсць версія эканомікі, ёсць версія геапалітыкі.

У нас прымаюцца такія пастановы, якіх пяць гадоў не маглі прыняць пры відавочнай сітуацыі. Значыць, прычыны былі важкія.

- Перад вызваленнем умовы вашага ўтрымання былі больш жорсткімі, Вы патрапілі ў карцэр. Чаму гэта адбылося? Ад Вас чагосьці дамагаліся?

- У ПК-3 мне ніколі не прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні наўпрост, аднак ускосна на гэта намякалі. Кожныя два месяцы мяне закрывалі ў штрафным ізалятары, і гэта ўжо было прадказальна для ўсіх арыштантаў.

Кожныя два месяцы я проста рыхтаваўся да гэтага загадзя: дапісваў важныя лісты, дачытваў кнігі. У параўнанні з папярэдняй калоніяй, гэта былі значна больш жорсткія ўмовы.

- Надоечы Вы перадалі на волю ліст, у якім параўналі ўмовы ўтрымання ў калоніях і турмах у Беларусі з ГУЛАГам. Якія прыклады жорсткага абыходжання з людзьмі ўзрушылі Вас больш за ўсё і праз што давялося прайсці самому?

- Сёння пенітэнцыярная сістэма адышла ад відавочных метадаў рэпрэсій: людзей стараюцца не збіваць, але адсутнасць наўпроставага гвалту кампенсуецца тысячаю іншых методык здзекаў з асобы. У суме гэта дае нават больш моцны эфект, чым наўпроставы гвалт.

Сярод іншага, людзей пазбаўляюць спаткання з блізкімі сваякамі. Толькі гэта само па сабе ўжо цяжэй, чым гвалт.

Яшчэ прыклад: зняволеныя ідуць займацца спортам, а пасля гэтага кожны чалавек павінен памыцца, але яму могуць гэта не дазволіць, бо паводле распарадку дня «не трэба». Вязьню могуць забараніць награваць ваду кіпяцільнікам, каб ён мог памыцца цёплай вадой. Усё гэта робіцца з мэтай прымусіць чалавека адчуць сябе абсалютна бяспраўнай істотай.

- Тым не менш, у 2010 годзе ў следчым ізалятары КДБ улады далі загад ужываць у дачыненні да палітвязняў катаванні. Як вы думаеце, чаму гэта адбылося?

- У 2010 годзе перад рэжымам стаяла задача максімальна хутка зламаць волю палітвязняў, каб яны далі прызнальныя сведчанні. Адпаведна, да тых, хто не «ламаўся», ужывалі ўсё больш жорсткія і ўдасканаленыя спосабы.

Я гэта падрабязна апісаў у сваёй кнізе «Еду ў Магадан». Само сабою з'яўляецца псіхалагічным катаваннем, калі чалавеку не даюць спаць з патушаным святлом. Наадварот, уночы ўключалі дадатковае асвятленне.

Некалькі дзён такіх умоў ўжо досыць моцна ўплываюць на чалавека, а адсутнасць перапіскі з блізкімі і сябрамі стварае эфект інфармацыйнага вакууму - чалавек пачынае жыць здагадкамі і ўнутранымі страхамі. У гэты момант з ім можна рабіць усё, што хочацца.

Таксама практыкаваліся падсаджванні ў камеру зняволеных-рэцыдывістаў, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй. Маючы велізарны лагерны досвед, яны маглі вельмі лёгка маніпуляваць людзьмі, нацкоўваць іх адзін на аднаго, запалохваць.

Было і наўпроставае фізічнае ўздзеянне. Канкрэтна мяне збівалі тройчы. І калі я ўжо сядзеў у лагеры, я сустрэўся з людзьмі, якія сядзелі ў «амерыканцы», і даведаўся ад іх, што збіванні былі. Збіццё менавіта тых, на каго іншыя метады не ўплывалі.

- Як Вы пракаментуеце той факт, што сёння беларускія ўлады з дапамогай псеўданезалежных арганізацый і нават з удзелам былога палітвязня спрабуюць пераканаць Захад, што беларуская пенітэнцыярная сістэма адпавядае нейкім стандартам?

- Я не ведаю, з чым менавіта звязанае жаданне Дэпартамента выканання пакаранняў абяліць сябе, таму што да сёння яны выдатна сябе адчувалі з той «славай», якая была ў іх, гэта значыць пры поўным бяспраўі чалавека ў пенітэнцыярнай сістэме.

Магчыма, улада спрабуе правесці поўны «рэбрэндынг» усіх сваіх інстытутаў, у тым ліку і пенітэнцыярнай сістэмы. Аднак гэты «рэбрэндынг» мае касметычны характар. Довады, якія былі пададзеныя ў траўні 2015 на пасяджэнні Камітэта правоў чалавека, абсалютна паверхневыя і не адпавядаюць рэчаіснасці. Агулам, яны з'яўляюцца нікчэмнымі для людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні.

Я не ведаю, як менавіта яны паўплывалі на Мікіту Ліхавіда з арганізацыі «Платформа», але для мяне відавочна, што ў снежні 2014 года, калі яны наведвалі ПК-3, ён стараўся зрабіць так, каб зняволеныя, з якімі ён адбываў пакаранне на ПК -10, яго не пазналі. Адпаведна, Ліхавід ведаў, што ён робіць, што яны збіраюцца рабіць, і разумеў, што грамадскасць ніколі не ўспрыме гэта за праўду. Іншымі словамі, гэта была запланаваная хлусня.

- Вы напісалі вельмі сумленную кнігу пра прыбыццё ў следчым ізалятары КДБ «Еду ў Магадан». Як былая вязніца «амерыканкі», магу падпісацца пад кожным словам. Можна прыадчыніць таямніцу: як стваралася кніга і як яе атрымалася перадаць у друк?

- Гэтую кнігу я пісаў першыя некалькі месяцаў знаходжання ў калоніі. На той момант адміністрацыя яшчэ не ведала, як паступаць менавіта з анархістамі, таму што статус палітвязня шэраг арганізацый нам не даваў. Адпаведна, увагі да мяне было менш, чым пазней.

Гэта дазволіла мне за дзевяць месяцаў напісаць кнігу і перадаць яе на волю разам са зняволеным, які вызваляўся. Гэта проста поспех, што падчас вызвалення працэдура ператрусу, мабыць, прайшла фармальна і кніга наогул убачыла свет.

- Вас пасадзілі перад аднымі лукашэнкаўскіх «выбарамі» і вызвалілі перад іншымі. Сёння большасць беларусаў не бачаць сэнсу ўдзельнічаць у загадзя вядомым фарсе ды ігнаруюць чарговы выбарчы спектакль Лукашэнкі. Вы падтрымліваеце байкот?

- Калі параўноўваць выбары, якія праводзяцца пры гэтым рэжыме, то нават у параўнанні з агульнапрынятымі стандартамі - гэта самы відавочны фарс. Гэтая дэкарацыя, шляхам удзелу розных праўладных або псэўдаапазыцыйных структур, надае ўсяму дзейству дынамічны характар.

Аднак я не ведаю ніводнага разважлівага чалавека ў Беларусі, які не разумее, што адбываецца. Нават прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі разумеюць, што ніякіх выбараў няма, што ўсё гэта фарс.

Байкот - гэта адзіны правільны ўчынак, які сёння можа зрабіць беларус у дачыненні да гэтай сістэмы. Пустыя ўчасткі - гэта найбольш нагляднае выраз сваёй волі.

- На якіх умовах Вас вызвалілі, якія планы на найбліжэйшы час?

- На гэты момант не агучана ніякіх умоў. Так што пажывём - пабачым.

Найбліжэйшым часам я прысвячу ўсю сваю ўвагу маім блізкім: бацькам, сваякам і сябрам.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках