25 красавiка 2024, Чацвер, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбух у метро

41
Выбух у метро

Працяг кнігі Андрэя Саннікава «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры».

Пачатак публікацый тут.

- А між тым па-за сценамі “Амерыканкі” разгараўся сур’ёзны фінансавы крызіс. Цуд не адбыўся. Сотні мільёнаў даляраў, кінутыя рэжымам на подкуп выбарцаў і ўмацаванне рэпрэсіўнага апарату, выклікалі валютную ліхаманку і дэвальвацыю. Як мы і прадказвалі, Беларусь апынулася перад безданню дэфолта. З-за атсутнасці валюты ў абменніках узнікла паніка.

У той час пачалі развальвацца справы, узбуджаныя супраць нас. Следства дало мізэрныя вынікі. Было ўжо зразумела, што гэбістам не склеіць ні змовы, ні спробы дзяржаўнага перавароту. І нават якая-небудзь прымітыўная шпіёнская фальшыўка з усяго гэтага не атрымаецца. А вось заходнія санкцыіі маглі стаць рэальнасцю. Нават Крэмль ратаваць рэжым не спяшаўся.

І вось менавіта ў гэты катастрафічны для Лукашэнкі час, 11 красавіка 2011 года, адбываецца раптам тэракт – выбух у мінскім метро.

Да нас у камеру літаральна ўварваўся палкоўнік Арлоў. І, звяртаючыся да мяне, пачаў проста з парогу крычаць:

- Гэта ўсё вы і вашы сябры!

- Што здарылася? – я быў агаломшаны тым шалёным крыкам.

- Уключыце тэлевізар, глядзіце навіны!.. Тэракт у метро!

- Дык вы ж нам сігнал адключылі.

- Глядзіце, я вам кажу! Там кроў… параненыя… забітыя… Гэтага вы хацелі?

Выбух адбыўся на станцыі метро “Кастрычніцкая”. Цэнтр горада, раён, у якім я вырас. Здагадаўся запатрабаваць спіс пацярпелых, як толькі ён з’явіцца. Там маглі апынуцца знаёмыя. Першая думка была пра Даньку. Ён жа вельмі любіў катацца ў грамадскім транспарце. Не адзін, зразумела, - з дарослымі.

На наступны дзень, калі меркаваных тэрарыстаў ужо затрымалі, мяне зноў павялі ў кабінет да Арлова. І ён пачаў паказваць мне відэазапісы – нібыта з камер відэаназірання. Разгледзець усё тое на экране было не так проста, аднак я заўважыў, што на запісах фігуравалі зусім розныя людзі, а не адзін “вылічаны” тэрарыст.

Арлоў мітусіўся. Усхваляў працу КДБ і міліцыі. Зноў вяртаўся да відэазапісаў. І настойваў, каб я праглядаў іх больш уважліва. Калі я вярнуўся ў камеру, не ведаў нават, чаго цяпер варта чакаць.

Нарэшце прынеслі спіс пацярпелых. Чатырнаццаць загінулых, шмат параненых. Знаёмых імёнаў у спісах не было. А спісы былі жахлівыя – столькі ахвяр.

Улады вельмі хутка агучылі магчымыя матывы тэракту. Два з іх, вядома ж, былі палітычныя: дэстабілізацыя краіны і дзеянні моладзевых радыкальных груповак. І яшчэ трэцяя версія – тэракт здзейсніў псіхічна хворы. Старшыня КДБ Зайцаў і ўвогуле выдаў нейкі папярэдні гэбэшны план, зрабіўшы заяву наконт таго, што тэракт у метро – гэта помста за суды над апазіцыянерамі.

Адразу ж успомнілася, што нам, арыштаваным 19 снежня, спрабавалі напачатку шыць арганізацыю масавых беспарадкаў менавіта з мэтаю дэстабілізацыі становішча ў краіне. А далей у іх увогуле сарвала тармазы. Па загаду Лукашэнкі пачаліся допыты апазіцыянераў, якія яшчэ заставаліся на свабодзе. Лукашэнка, а ўслед за ім і амбасадары Кубы і Венесуэлы агучылі версіі, паводле якіх заходнія дзяржавы маюць дачыненне да тэракту ў метро. Нягледзячы на тое, што ўсе яны публічна асудзілі тэракт і прапанавалі дапамогу ахвярам, Лукашэнта пачаў істэрычна патрабаваць, каб яны выказалі свае спачуванні з гэтай нагоды.

Было ўжо зразумела, што дыктатура знайшла спосаб адцягнуць увагу насельніцтва ад катастрафічнага стану краіны, збіць хвалю салідарнасці з палітычнымі вязнямі і перакласці на Захад адказнасць за крах эканомікі.

Абвесцілі імёны падазраваных: Зміцер Канавалаў і Ўлад Кавалёў. А далей усё пачало нагадваць кепскі спектакль, у фінале якога Канавалава і Кавалёва расстралялі. Пераканаўчых доказаў віны гэтых дваццаціпяцігадовых маладзёнаў ні падчас следства не было знойдзена, ні на судовым працэсе не прадстаўлена. Наадварот, з кожным днём узнікала ўсё больш пытанняў і сумневаў у іх датычнасці да трагедыі ў метро. Адзінае тлумачэнне, якое лагічна асвятляла гэта жахлівае злачынства, сведчыла пра датычнасць да ягонага здзяйснення спецслужб. І на воле таксама ўсё часцей агучвалі менавіта гэтую версію. Некаторыя СМІ на Захадзе наўпрост пісалі, што тэракт быў на карысць Лукашэнкі.

Верагоднасць гэткай версіі знаходзіла пацверджанне нават тут, у “Амерыканцы”. Калі я даведаўся пра дакладны час здзяйснення тэракту, то ўспомніў, што Арлоў уламіўся да мяне ў камеру раней чым праз гадзіну пасля выбуху. Ніякіх версій яшчэ не было і быць не магло, а ён ужо крычаў пра тэракт з палітычнымі мэтамі.

Арлоў паведаміў мне падчас чарговай “размовы”, што падазроныя ўжо некалькі дзён утрымліваюцца ў “Амерыканцы”.

- Яны або не тэрарысты, або палітычных вы баіцеся больш за тэрарыстаў, - сказаў я тады.

- Гэта чаму?

- Адмыслова для нас тут са спецдаручэннем з’явіліся “маскі”. А “небяспечных злачынцаў” ахоўваюць у звычайным рэжыме.

На наступны дзень мяне зноў павялі да Арлова. Я зразумеў, што ўсё было задумана толькі для таго, каб у канцы калідора я ўбачыў, як нейкую дзяўчыну суправаджае канвойны ў знаёмай ўсім масцы. Вось толькі дзяўчыну тую ахоўнік вёў надзвычай далікатна і са спіны вельмі быў падобны на аднаго з “нашых” вертухаяў.

Пазней мы са Змітром Бандарэнкам супаставілі свае ўражанні аб паводзінах гэбэшнікаў пасля тэракта. Яму Арлоў таксама паказваў запісы відэакамер унутранага назірання метро і нават даў магчымасць заўважыць, што Канавалава там вялі некалькі чалавек. А Кавалёва ў тых запісах увогуле не было. Мы ўспомнілі таксама надзвычай нервовыя паводзіны гэбэшнікаў напярэдадні тэракта. Яны былі відавочна не ў сваёй талерцы. Падчас адной з тых “размоў” са Змітром Бандарэнкам палкоўнік Арлоў нават прызнаўся, што пасля тэракта і ягонага “бліскучага” расследвання рэйтынгі Лукашэнкі пайшлі ўверх.

Пасля выбуху ў метро пачалі паспешліва рыхтаваць суды над асноўнымі фігурантамі справы 19 снежня. Спачатку меркавалася, што следства і знаёмства са справамі будуць доўжыцца да сярэдзіны траўня. Але першапачатковыя тэрміны пачалі паспешліва скарачаць, і ўжо ў красавіку пайшлі суды.

Упэўнены, што па задуме сцэнарыстаў нашых працэсаў і раскрыцця тэракта ў метро , гэтыя справы павінны былі перакрыжоўвацца. Нас планавалі звязаць з тэрарыстамі. Калі не наўпрост, то ў кантэксце агульнай мэты – дэстабілізацыі тагачаснай сітуацыі ў Беларусі.

Аднак гэта былі марныя высілкі. Справы нашы рассыпаліся. Людзі не верылі, што тэракт маглі здзейсніць Канавалаў і Кавалёў. Салідарнасць з палітзняволенымі ўзмацнялася. І уладам нічога не засталося, як толькі адмовіцца ад сваёй першапачатковай задумы. Цяпер яны імкнуліся нас хутчэй ператварыць у зэкаў з доўгімі тэрмінамі зняволення і скончыць нарэшце з гэтымі “тэрарыстамі”.

У той час рэжым скарыстаў ужо апрабаваны спосаб апраўдаць свае злаўмысныя дзеянні з дапамогай памяркоўнага заключэння міжнароднага эксперта. Гэтым разам запрасілі не АБСЕ, як гэта было ў выпадку з Міколам Аўтуховічам, а асабіста генеральнага сакратара Інтэрпола Рональда Ноўбла. Усяго праз месяц пасля тэракта ў метро ён з’явіўся ў Мінску па запрашэнні тутэйшых спецслужбаў. Не паскупіўся на выказванне непрыхаванага захаплення з нагоды “беспрэцэдэнтна высокага ўзроўню расследвання злачынства”. Зразумела, пра тое расследванне і ягоны ўзровень ён ведаў толькі са слоў гэбэшнікаў.

Насамрэч Роналд Ноўбл прадэманстраваў беспрэцэдэнтны ўзровень цынізму, прыехаўшы сюды ў разгар палітычнай расправы дыктатуры над апазіцыяй. Такім чынам ён падтрымаў катаў з КДБ, якія расправу тую ажыццяўлялі.

Кіраўнік Інтэрполу і надалей упэўнена праводзіў усё тую ж лінію. Калі паспешліва расстралялі Канавалава і Кавалёва, гэта выклікала абурэнне грамадства і вострую крытыку дзеянняў Інтэрполу. А кіраўнік ягоны абвінаваціў тады СМІ ў неаб’ектыўнасці і зноў паспяшаўся падтрымаць дыктатарскі рэжым.

Пасля суду над “тэрарыстамі”, які быў цынічным здзекам над логікай і самой ідэяй правасуддзя, усе рэчавыя доказы былі паспешліва знішчаны. Так дзейнічаюць толькі ў тым выпадку, калі трэба замесці сляды злачынства.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках