11 чэрвеня 2023, Нядзеля, 4:53
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Я застаюся кандыдатам у прэзідэнты

27
Андрэй Саннікаў: Я застаюся кандыдатам у прэзідэнты

«Я патрабую правядзення прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем», - заявіў палітык.

Сайт charter97.org працягвае друкаваць урыўкі з кнігі Андрэя Саннікава «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры».

Пачатак публікацый тут.

- Пасля прысуду я вырашыў істотна змяніць характар маіх стасункаў з начальнікам СІЗА Арловым. Да суду я імкнуўся хіба што не паддавацца на правакацыі. Не канфліктаваў з ім асабліва, хоць гэта было вельмі цяжка, тым болей, што нярэдка ён зрываўся на істэрыкі – найчасцей паказныя, а часам, як мне падавалася, і сапраўдныя.

Можна было здагадацца, што мяне павядуць да яго ўжо на наступны дзень пасля прысуду. Ён паспрабаваў распачаць размову пра тое, што вось я не маю рацыі, чаго пры ўсім жаданні пра маіх карнікаў скажаш. Ягоныя развагі я перарваў простым пытаннем: на якой падставе ён, Арлоў, палічыў магчымым выцягнуць мяне з камеры толькі дзеля таго, каб паразмаўляць, паказаць сваю ўладу і пацешыць самалюбства? Як ні дзіўна, пытанне тое было трапным. Арлоў змоўк. Паклікаў канваіра, які адвёў мяне ў камеру.

Разлік мой быў просты – я хацеў найхутчэй вырвацца з “Амерыканкі”. Аднак прадказаць паводзіны маіх катаў было цяжка. Мяне маглі пакінуць у “Амерыканцы” да разгляду касацыі, каб і далей ажыццяўляць усё тую ж праграму псіхалагічнай і фізічнай апрацоўкі. Маглі перавесці ў СІЗА МУС на “Валадарку”. А маглі б закінуць куды-небудзь у СІЗА № 8 у Жодзіна, вядомае зверскай адміністрацыяй, ды ўвогуле забэхаць у якую заўгодна турму. І ўсё ж я спадзяваўся, што канфлікт з Арловым паскорыць маю адпраўку менавіта на “Валадарку”.

І сапраўды, мае не такія ўжо і бездакорныя разлікі далі чаканы вынік. І ўжо 18 траўня мяне перавялі на “Валадарку”.

Недзе на пачатку студзеня мяне туды ўжо вазілі на пяць дзён. Меркавалі такім чынам застрашыць маіх родных. Этап быў патаемны. Мяне проста выцягнулі з турмы і заштурхнулі ў “газель” з адпаведнымі камерамі. Ехалі нядоўга. Высадзілі і павялі пад скляпенні Пішчалаўскага замка – той самай “Валадаркі”. Можна сабе ўявіць, як цешыліся каты, ствараючы падставы для магчымай панікі маіх родных і блізкіх. Я раптам знікаю. І пра маё месцазнаходжанне не ведае ніхто – ні сям’я, ні нават адвакат. А па закону ж неабходна адразу паведаміць сям’і пра новае месца зняволення. Не паведамілі. Ні ў той час, ні потым.

Нягледзячы на незразумелы кантынгент тагачаснай камеры на “Валадарцы” і нават двух яўных “наседок”, я там крыху ачуняў пасля гэбэшных катаванняў. Мне падкінулі цыгарэт, дапамаглі памыць бялізну, зашылі куртку, парваную раззлаваным вертухаем “Амерыканкі”. Зэк, які зашываў адарваны рукаў, на мой пратэст – “я сам!” – адказаў:

- Дазвольце мне зрабіць для вас хоць штосьці. Да таго ж, потым зможаце распавядаць, што ў Пішчалаўскім замку куртку вам рамантаваў нашчадак маскоўскага генерал-губернатара Дзмітрыя Ўладзіміравіча Галіцына.

“Валадарка”

Перавод на “Валадарку” пасля суду даў магчымасць крыху ачуняць. Аднак нядаўнія хваробы часам нагадвалі пра сябе раптоўным болем. Начальства маёй новай турмы асабліва не лютавала. Магчыма, на тое дакладных указанняў пакуль што не было. Пачалі нават прыходзіць газеты, лісты. У камеры таксама залішняга напружання не назіралася. Сукамернікі – “мент” і “комерс” – размовамі не назалялі.

А самае галоўнае – нарэшце пабачыўся з Ірай і мамай. Праз шкло і тэлефонныя слухаўкі, з нясцерпным скыгатам у дынаміках, мы ўсё ж убачылі і пачулі адзін аднаго. Паразмаўлялі пра сябе і пра Даньку. Узнікала паціху небяспечная ілюзія, нібыта ўсё горшае засталося ў мінулым.

І ўвогуле, адзіным клопатам тутэйшага начальства быў толькі мой найхутчэйшы этап. Куды заўгодна, ад граху падалей. Некалькі разоў начальнік турмы настойліва раіў напісаць заяву пра тое, што я добраахвотна прашу накіраваць мяне ў калонію. Нават не чакаючы разгляду маёй “касаткі” – касацыйнай скаргі на прысуд. І кожны раз я адмаўляўся.

Там, на “Валадарцы”, здарыўся аднойчы проста неверагодны эпізод. Вольга, жонка Змітра Бандарэнкі, якога таксама перавялі ў гэтую турму, дамовілася з Ірай папрасіць спаткання з намі ў адзін і той жа час. І ўсё ў іх атрымалася. Зняволеных, якім дазволена спатканне, тут звычайна збіраюць па камерах, а потым вядуць усіх разам па сутарэннях Пішчалаўскага замка ў тое памяшканне, дзе яны могуць праз шкло паразмаўляць са сваімі роднымі. Звычайна збіраюць чалавек па дзесяць. Падчас такога збору і праходу па калідоры зняволеным удаецца пагаварыць паміж сабой, даведацца пра нейкія турэмныя навіны і паведаміць сёе-тое пра сябе. Оля дакладна пралічыла, што калі спатканне будзе прызначана на той жа час, то мы са Змітром зможам пабачыцца і нават крыху паразмаўляць.

Мы не бачыліся пяць месяцаў, з дня арышту. Абняліся, ідучы па калідоры. Абмяняліся паспешліва навінамі. І паспелі нават у некалькіх словах абмеркаваць наша бачанне сітуацыі.

Жонкам і ў другі раз удалося зладзіць спатканне з намі паводле той жа ўдалай задумы. Зміцер быў ужо тады “на бальнічцы” - чакаў аперацыі. Гэта яго непакоіла, а мяне вельмі ўстрывожыла. Пайсці на аперацыю, застаючыся “пад каўпаком” КДБ, было без перабольшвання рызыкай для жыцця.

А за два тыдні да этапу мяне перавялі ў іншую камеру. Там было 15 чалавек. Ліпень, спякота невыносная. Нават ноччу дыхаць было цяжка. Мучыў галаўны боль. Камера была заселеная ў асноўным б/с – былымі супрацоўнікамі розных сілавых устаноў, па колькасці якіх Беларусь упэўнена б’е сусветныя рэкорды.

Высветлілася паступова, што сярод тых б/с нашай камеры былі таксама і спецназаўцы, якія прымалі ўдзел у разгонах акцый пратэсту. Не апошняй, 19 снежня 2010 года, а ранейшых. У тым ліку і ў 2006 годзе, пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Самым подлым у дачыненні да сукамернікаў быў спецназавец, які ўвесь час маліўся. І гэтак жа настойліва “качаўся”. А ўвогуле, з’ява гэтая ў турмах нярэдкая. Скончаныя нягоднікі, якія і ў зняволенні паводзяць сябе подла, ператвараюцца ў неверагодна набожных. Рэлігію яны ўспрымаюць прымітыўна. Яна існуе, паводле іх перакананняў, толькі дзеля таго, каб была магчымасць любыя грахі замаліць. Такая вось своеасаблівая пральная машына, дзе замест адпаведных парашкоў – набор малітваў.

Адзін са спецназаўцаў весяліў усю камеру сваімі аповедамі пра рабаўніцтвы ў Нямеччыне.

Аднойчы ён піў з сябрамі недзе недалёка ад літоўскай мяжы. І адзін з сабутыльнікаў распавёў усёй кампаніі пра тое, якія недарэчныя законы ў той Нямеччыне. Калі хтосьці абрабуе там банк на суму меней за 30 000 еўра, то яго можа чакаць нават умоўнае пакаранне. Гэткая інфармацыя нашага героя вельмі зацікавіла. Выпілі яшчэ і прынялі рашэнне падацца на заробкі. Літаральна з-за стала ляснымі сцежкамі скіраваліся ў Літву. Там сышліся з ініцыятарам ранейшых рабаўніцтваў, які арганізаваў для іх дастаўку ў Нямеччыну без асаблівых перашкод. Шэнгенская зона – кардонаў няма.

- Ты б распавёў яшчэ, у чым мяжу з Літвою пераходзіў, - прадчуваў далейшы ўздым весялосці “смотрящий” Міша, які гісторыю гэтую ўжо ведаў да драбніц.

- У чым? – адказваў рабаўнік пад рогат сукамернікаў. - У шортах і тапачках!

- А нямецкую мову ты ведаеш? – не сціхаў усё той жа Міша.

- Якую нямецкую?.. – крыўдзіўся рабаўнік. – Мне нашы на кардонцы штосьці напісалі. Я быў з цацачным пісталетам і ў шапачцы. Яе не трэба было нават на твар нацягваць. У іх там відэакамеры зверху. Трэба толькі галаву не падымаць.

Абрабаваўшы такім чынам некалькі аддзяленняў банкаў і атрымаўшы сваю долю, наш дасведчаны сукамернік дадому вяртаўся гэткім жа чынам – без дакументаў. Дзіўна, але і тым разам пільным памежнікам ён не папаўся. Дома набыў машыну і гадоў пяць жыў бестурботна. Пакуль не ўзялі яго з дапамогай нямецкай паліцыі, службоўцы якой адмыслова дзеля гэтага наведалі Беларусь. Ён вельмі шкадаваў, што цяпер суд яго чакае не ў Нямеччыне, а тут. А там жа некаторыя ягоныя саўдзельнікі ўжо адседзелі сваё і выйшлі на свабоду. Магчыма дзеля таго, каб зноў рабаваць банкі.

Я застаюся кандыдатам у прэзідэнты

Мяне шмат пацягалі па турмах. Давялося прайсці чатыры турмы. Тры з іх па два разы. Ды яшчэ тры калоніі, восем этапаў.

У 2011 годзе, калі ўжо скончыўся суд, я звярнуўся з турмы з патрабаваннем правесці другі тур выбараў. Для майго далейшага турэмнага лёсу гэта быў рызыкоўны крок, які пагражаў новымі правакацыямі. Аднак я лічыў сябе абавязаным гэта зрабіць. Цяжкая эканамічная сітуацыя ў Беларусі пагражала калапсам. Сусветная салідарнасць з палітзняволенымі дасягнула самага высокага ўзроўню за ўвесь час існавання рэжыму Лукашэнкі. Трэба было штосьці рабіць, аднак міжнародная супольнасць і апазіцыя засяродзіліся толькі на вызваленні палітзняволеных. Гэта не было і не магло быць адзінай стратэгічнай мэтай.

Заяву я перасалыў у “малявах” і ў лістах. Больш ці менш дакладны тэкст усё ж дайшоў і быў надрукаваны ў незалежнай прэсе. Прыводжу яго ў тым выглядзе, у якім ён з’явіўся ў СМІ напрыканцы 2011года:

Сёння Беларусь перажывае самы сур’ёзны крызіс за 20 год сваёй незалежнасці. Цяжкая сітуацыя ў эканоміцы, валютна-фінансавай, сацыяльнай і палітычнай сферах з’яўляецца прамым следствам беззаконня ўладаў падчас выбараў 2010 года. Крэдыт даверу, які выдалі ўладам напярэдадні выбараў грамадзяне Беларусі, нашы суседзі, уся сусветная супольнасць, быў не проста падарваны: рэжым выкарыстаў яго, каб цынічна і нахабна абрабаваць народ Беларусі, скрасці ў выбарцаў галасы, пазбавіць іх права выбару.

На жаль, спраўдзіліся самыя горшыя прагнозы сітуацыі ў Беларусі пасля выбараў. Улада ў руках Лукашэнкі – гэта катастрофа для нашай краіны. Няздольнасць цяперашняга рэжыму кіраваць Беларуссю была відавочнай даўно, і сёння гэта ўжо выяўляецца ва ўсіх сваіх згубных наступствах. Ніякія ракіроўкі адданых паслугачоў рэжыму ў складзе ўраду ў межах існуючай палітычнай сістэмы не дадуць станоўчых вынікаў. Далейшага росквіту “стабільнасці” Беларусь не вытрымае.

Сусветная супольнасць не прызнала вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.Адбылося тое не ўпершыню. Аднак гэтым разам было ўжо зразумела, што Лукашэнка не ўспрымаецца як партнер у міжнародных стасунках ні Расіяй, ні Еўропай, ні ЗША. Няма ў яго падтрымкі і ў Беларусі. Ніякія прапагандысцкія заклінанні аб міфічных адсотках, нібыта атрыманых Лукашэнкам на выбарах, нікога не падмануць. Нават у КДБ, як мне давялося пераканацца, не вераць у абвешчаныя вынікі і добра ведаюць пра фальсіфікацыі. Беларускія і міжнародныя назіральнікі адназначна зафіксавалі шматлікія парушэнні і фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

Як кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года я не прызнаю іх вынікаў і лічу іх сфальсіфікаванымі. Лічу, што далейшае захаванне ў Беларусі цяперашняй улады і цяперашняй палітычнай сістэмы пагражае найцяжэйшымі наступствамі для краіны, і перш за ўсё – для дабрабыту грамадзян.

У той жа час я перакананы, што сёння яшчэ захоўваецца магчымасць выйсця з крызісу. Я нават гатовы прызнаць, што 19 снежня 2010 года адбылося галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Вынікі гэтага галасавання, па ацэнках унутраных і міжнародных назіральнікаў, сведчаць пра тое, што першы тур не выявіў пераможцу выбараў. Лукашэнку неабходна прызнаць, што 19 снежня 2010 года ён не набраў неабходныя для перамогі 50 адсоткаў галасоў.

Нягледзячы на публічныя запэўніванні Лукашэнкі, што сярод альтэрнатыўных кандыдатаў лідзіруе іншы чалавек, ЦВК вымушаны быў прызнаць другім мой вынік.

Калі Лукашэнка здольны адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць і сапраўды ўпэўнены, што ў яго ёсць падтрымка ў народзе, прэзідэнцкія выбары неабходна завершыць. Гэта верне ў Беларусь законнасць і спыніць катастрофу, якая няўмольна набліжаецца.

Я не складаю з сябе паўнамоцтваў кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і патрабую правядзення другога тура прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем. Прашу грамадзян Беларусі падтрымаць маё патрабаванне. Лёс краіны залежыць ад кожнага з нас.

Гэтую заяву я зрабіў яшчэ на “Валадарцы”. У хуткім часе мяне адправілі на этап. Калі б лідары апазіцыі, усе тыя, хто ў адрозненне ад мяне заставаліся на волі, суцішыўшы амбіцыі, падтрымалі такую стратэгію, у нас зноў быў бы шанс. На вялікі жаль, гісторыя Беларусі апошніх дваццаці гадоў – гэта гісторыя страчаных магчымасцяў.