Выбары фрыкаў
70- Наталля Радзіна
- 7.08.2015, 15:30
- 60,128
Выбары ў Беларусі павялося называць фарсам, але гэта ўсё. Фініта ля камедыя.
Крызіс у Лукашэнкі сёння ўжо не толькі ў эканоміцы. Разруха - у галовах. Для развязвання задачы легітымізацыі ўлады беларускага дыктатара яго паліттэхнолагі ў пагонах вымушаныя прыцягваць фрыкаў і блазнаў. Іншай публікі для масоўкі не знаходзіцца.
Выбарчая кампанія-2015 у Беларусі скончылася 16 ліпеня - у дзень падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Іронія лёсу, але 16-е чысло кожнага месяца ў Беларусі ўважаецца Днём салідарнасці. І нармальныя людзі гэтыя «выбары» салідарна праігнаравалі.
Хто ў гэты дзень прынёс дакументы на рэгістрацыю ў ярмошынскі ЦВК? Вядома, Лукашэнка ў асобе кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Арды, прозвішча якога мае сёння асаблівае гучанне. Потым дзве былых настаўніцы Таццяна Бірукова і Жанна Раманоўская (мабыць, тут улічвалася іх палітычная свядомасць і актыўнасць на выбарчых участках падчас мінулых «выбараў»). Да педагогаў далучыліся менскі ці то бомж, ці то дармаед Юрый Шульган, нейкая «рудавалосая» рэкламшчыца Ірына Першына, дырэктар турыстычнай кампаніі Love Tour Андрэй Канавец, шматдзетны фатограф з Наваполацка Аляксандр Юдаеў, вярхоўны атаман неіснуючага ў прыродзе «беларускага казацтва» Мікалай Улаховіч, нязменны лідар беларускіх камуністаў, сябар КПСС з 1977 года Сяргей Калякін, які прадстаўляе пакінутую паэтам Уладзімірам Някляевым структуру «Гавары праўду», пратэжэ скандальнага дзеяча Андрэя Дзмітрыева Таццяна Караткевіч і вечныя статысты ўсіх выбарчых фарсаў кіраўнік ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч і былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі Віктар Цярэшчанка.
Далей усё развівалася паводле законаў жанру: нейкі пенсіянер прыйшоў у ЦВК ужо пасля закрыцця, хтосьці прыслаў дакументы поштай, дармаед Шульган быў п'яным, а журналіст агенства БелаПАН прынёс рэгістраваць свайго ката Барсіка.
Дэмакратычная апазіцыя гэтыя «выбары» ігнаруе. Годныя і прыстойныя людзі аддалі перавагу не ўдзельнічаць у чарговым спектаклі або падтрымалі вылучэнне кандыдатуры Мікалая Статкевіча - палітычнага зняволенага, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, асуджанага да 6 гадоў турмы. Такім чынам меркавалася прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў у беларускіх турмах, аднак, ЦВК прадказальна не зарэгістраваў гэтую ініцыятыўную групу.
Толькі адзін-адзіны дэмакратычны палітык рызыкнуў сёння сваёй рэпутацыяй і не пабаяўся апынуцца ў кампаніі фрыкаў - лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. І гэта тым больш дзіўна, таму што пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў мы з Анатолем Уладзіміравічам сядзелі ў турме КДБ у суседніх камерах.
Тады, нагадаю, у Беларусі арыштавалі незалежных кандыдатаў у прэзідэнты і сябраў іх выбарчых штабоў. Лябедзька быў арыштаваны як начальнік выбарчага штаба Яраслава Раманчука, які «праславіўся» тым, што на наступны дзень пасля выбараў выступіў на БТ і абвінаваціў іншых дэмакратычных кандыдатаў ва ўсіх смяротных грахах. Здарыўся скандал і Раманчука вымушаныя былі выключыць з АГП. А Анатоль Лябедзька, адседзеўшы 108 дзён у СІЗА, выйшаў на свабоду і пазбег суду. Як ён сам напісаў, пасля ўмяшання нейкіх «уплывовых сяброў».
Мне ж і іншым вязням на допытах, якія змянялі катаванні, супрацоўнікі КДБ прапаноўвалі падпісаць паперу аб супрацоўніцтве і ўдзельнічаць у далейшых «выбарах» у Беларусі, няхай гэта будзе парламенцкія ці прэзідэнцкія. Толькі ні ў якім разе нельга пратэставаць, пераконвалі аператыўнікі - выходзіць на плошчу або патрабаваць ад Захаду санкцый супраць дыктатуры.
Лукашэнку да зарэзу патрэбная масоўка. Масоўка забяспечвае бачнасць выбарчага працэсу, а гэта дае надзею на легітымнасць, якая так патрэбна дыктатару для атрымання крэдытаў МВФ. І сёння Анатоль Лябедзька, удзельнічаючы ў гэтым шоў, стварае паказушную карцінку для Захаду, хоць у гэты час за кадрам, у турмах, прадаўжаюць катаваць палітвязняў.
Спадзяюся, што сумленне і здаровы сэнс усё ж возьмуць верх над асабістымі амбіцыямі, і гэты палітык далучыцца да агульнага байкоту выбараў Лукашэнкі.
Таму што як бы старанна не пісаўся бяздарны і сумны сцэнар прэзідэнцкай кампаніі-2015, усё ўжо скончылася. Ва ўмовах крызісу, масавых скарачэнняў, закрыцця прадпрыемстваў і абвалу заробкаў галасаваць за Лукашэнку і ягоных фрыкаў будуць толькі ў казармах і псіхіятрычных бальніцах.
Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org