Статкевіч чакае Лукашэнку на плошчы Свабоды 23 верасня
69- 16.09.2015, 10:15
- 30,990
Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былы палітвязень Мікалай Статкевіч запрасіў дыктатара на сустрэчу з выбаршчыкамі.
«Прапаную вам узяць удзел у гэтым сходзе і адказаць на пытанні спецыяльна не падабраных, у адрозненне ад іншых вашых сустрэч, грамадзян Беларусі», - напісаў Статкевіч у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» і сам задаў першыя два пытанні.
Сутнасць першага: ці збіраецца Лукашэнка ўтрымліваць уладу «да сваёй смерці»? Сутнасць другога: ці з'яўляецца выкраданне былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара прычынай, праз якую Лукашэнка імкнецца «любой цаной заставацца ва ўладзе, каб не несці адказнасць за тое, што адбылося»? Другое пытанне зададзенае напярэдадні 16-й гадавіны знікнення ў Менску Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Як піша Статкевіч, Захаранка і Ганчар былі забітыя вайскоўцамі брыгады спецназа МУС. «Паводле наяўнай у мяне інфармацыі, яны былі ўпэўненыя, што выконваюць законную судовую пастанову, так як ім быў прад'яўлены «прысуд вярхоўнага сакрэтнага трыбунала», зацверджаны пячаткай прэзідэнта РБ. Таксама, паводле маёй інфармацыі, арыгінал гэтай фальшыўкі захаваны асобай, якая мае дачыненне да тых падзей», - напісаў палітык.
Пра намер запрашаць Лукашэнку на свае публічныя мерапрыемствы Статкевіч заявіў 10 верасня падчас першага пікету каля сталічнага ГУМа. Наступная акцыя адбудзецца 23 верасня на плошчы Свабоды а 18.00.