20 красавiка 2024, Субота, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Плошча

25
Плошча
Фота: Reuters

Дзесяткі тысячаў беларусаў, якія выйшлі на вуліцу 19 снежня 2010 года, - гэта толькі пачатак лавіны.

Сайт charter97.org працягвае друкаваць урыўкі з кнігі Андрэя Саннікава «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры».

Пачатак публікацый тут.

- Гэта быў дзень, перапоўнены падзеямі і ў маім асабістым жыцці, і ў жыцці краіны. Гэта быў дзень трывожных спадзяванняў, але скончыўся ён крывавым расчараваннем. Гэта быў дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Мы вырашылі ісці галасаваць усёй сям’ёй. Усталі рана, каб на выбарчым участку з’явіцца да дзевяці раніцы. Галасавалі ў гімназіі № 18 на вуліцы Калініна, дзе я быў прапісаны. Было шмат карэспандэнтаў. Данька выглядаў крыху ашалелым ад вялікай колькасці людзей на ўчастку. Аднак да сваёй місіі публічнага суправаджэння бацькоў паставіўся надзвычай адказна. Я зайшоў у кабінку, запоўніў бюлетэнь, мы ўтрох падышлі да урны для галасавання і пад успышкі фотакамер апусцілі ў яе «мой голас».

Даў кароткія каментары журналістам і паехалі адразу на другі ўчастак. Мы з Ірай прапісаныя ў розных месцах, а таму галасаваць давялося на двух участках. Іра галасавала ў гімназіі № 7 каля нашага дома. Там ужо меней было журналістаў. Затое “ціхушнікаў” нашмат болей.

Пасля галасавання пайшлі дадому. Заставалася толькі дачакацца вечара. Час то паскараўся, то цягнуўся па хвілінах. Так, была трывога. Аднак нашмат мацней была ўсё ж надзея, што ў Беларусі нарэшце нешта зрушыцца - столькі сілаў аддадзена на гэта.

Увечары пачала збірацца Плошча. Мы ўжо выходзілі з дому, калі недзе а палове восьмай патэлефанавала Наталля Каляда і паведаміла, што моцна збілі Някляева і яго вязуць у шпіталь. Было зразумела, што да Плошчы можам нават не дайсці.

Зміцер Бандарэнка даў параду, што да Кастрычніцкай плошчы лепш прабівацца не наўпрост ад дома, а з боку ГУМа. А таму бліжэй да праспекта пад’ехалі на машыне з вуліцы Камсамольскай. Далучыліся да вялікай групы людзей, якая ішла ад вакзала, дзе прызначылі сустрэчу са сваімі актывістамі кандыдаты Рымашэўскі і Статкевіч. Сваіх прыхільнікаў мы заклікалі адразу прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу, якую пасля падзей 2006 года моладзь назвала імем героя беларусаў Кастуся Каліноўскага.

Улады былі ўпэўненыя, што пасля запалохвання і пагроз па тэлебачанні людзі на вуліцы не выйдуць. Аднак яшчэ да нашага прыходу на Плошчу там было ўжо некалькі тысячаў чалавек. Спецслужбы падрыхтавалі ўсё, каб перашкодзіць людзям сабрацца і арганізаваць мітынг. У цэнтры плошчы быў заліты вялізны каток, на якім было даволі шмат аматараў вячэрняга катання. Не цяжка здагадацца, што гэта былі “канькабежцы ў цывільным”. Грукатала музыка – вядома ж, расійская папса.

Людзей падыходзіла ўсё болей. Аднак з апаратуры спачатку былі толькі мегафоны. Зразумела, што ўлады наважыліся правакаваць бязладдзе. Тым не менш, удалося на прыступках Палаца прафсаюзаў правесці кароткі мітыг. Ужо недзе перад ягоным заканчэннем з’явілася гукаўзмацняльная апаратура, якую здолелі прывезці актывісты “Еўрапейскай Беларусі” – яны даўно прызвычаіліся дзейнічаць канспіратыўна і максімальна эфектыўна.

Сабраліся амаль усе кандыдаты ў прэзідэнты і іх штабы. У хуткім часе агучылі экзіт-полы украінскіх, расійскіх і беларускіх незалежных сацыялагічных службаў. Па гэтых дадзеных Лукашэнка набіраў каля 40 адсоткаў. Такім чынам, павінен быў адбыцца другі тур прэзідэнцкіх выбараў.

Копія пратаколу з участку №49 у Мінску

Плошча Каліноўскага (паводле афіцыйнай версіі Кастрычніцкая) была перапоўнена. Усё мацней грымела расійская папса. Пачаўся рух у бок плошчы Незалежнасці, дзе знаходзіўся Цэнтрвыбаркам. Мы выйшлі на праезную частку праспекта і рушылі ў цэнтры масы людзей. На выхадзе з плошчы дарогу гэтай масе перакрыў невялічкі ланцужок даішнікаў. Мы падышлі, пачалі з імі размаўляць, пераконвалі прапусціць людзей. Даішнікі перакрывалі рух хутчэй дэманстратыўна, чым насамрэч. Па абодва бакі гэтага ланцужка было дастаткова месца, каб людзі маглі прайсці. Яны абміналі даішнікаў і ішлі далей. Нарэшце тыя, што выцягнуліся ў ланцужок, расступіліся, і мы пайшлі па галоўнай вуліцы..

Мірнае шэсце ў цэнтры Мінска было кульмінацыяй таго дня, 19 снежня 2010 года. Гэтае шэсце было сапраўдным глытком свабоды. Раптам уся цэнтральная частка праспекта запоўнілася людзьмі. І тыя, хто стаяў па баках, і нават крыху воддаль, назіраючы за развіццём падзей, пасля пачатку таго магутнага руху пачалі ўлівацца ў агульную калону.

Фота: Сяргей Балай

Вялізная маса людзей, якая рухалася ад Плошчы да Плошчы, на поўныя грудзі ўдыхала паветра свабоды, якім быў проста перапоўнены цэнтр майго горада.

“Жыве Беларусь!”, “Сыходзь!”, “Верым, можам, пераможам!”, “Рэ-ва-лю-цыя!” падхапілі гэтыя грымотныя словы тысячы галасоў.

Ад энергіі людзей горад нібы асвяціўся нейкім фантастычным святлом. Здавалася, што ўсё горшае скончылася. І на гэты народны парыў немагчыма адказаць сілай. Здавалася нават, што мы блізкія ўжо да таго, што ў шэрай сцяне дыктатуры з’явіцца нарэшце пралом. Ніхто не хацеў і вядома ж не планаваў штосьці штурмаваць, нешта захапіць. Была надзея, што непазбежны крызіс, які набліжаецца няўмольна, прымусіць уладу зрабіць крок да пераменаў.

Такія спадзяванні былі вядома ж рамантыкай чыстай вады. Немагчыма сабе нават уявіць, што у момант такога духоўнага ўздыму недзе ў бункеры дрыжыць ад страху дыктатар разам са сваім атачэннем і думае не пра тое, як ратаваць краіну, а толькі аб тым, як утрымаць сваю подлую ўладу. Можна не сумнявацца, што ўсё менавіта так і было. Перапалоханы Лукашэнка аддаў загад аб сілавым разгоне мірнай дэманстрацыі. Ягоны страх немагчыма было не заўважыць пры кожным яго з’яўленні перад тэлекамерамі напярэдадні выбараў і пасля іх, як ён ні стараўся яго схаваць.

Мы дайшлі да плошчы Незалежнасці і там атабарыліся. Прэса да гэтага часу спрабуе высвятляць, якія ў каго з кандыдатаў былі планы на Плошчу. Гэта зразумела. Магу сказаць толькі пра сябе і нашу каманду.

На той час у Беларусі існавала ўжо нават пэўная традыцыя. У першы дзень дэманстрацый і мітынгаў пасля выбараў, парламенцкіх або прэзідэнцкіх, людзей не чапалі. Не таму, вядома, што ў рэжыму абуджалася раптам чалавекалюбства. Проста ў дзень выбараў у Мінску было заўсёды зашмат замежных карэспандэнтаў, міжнародных назіральнікаў, палітыкаў, парламентарыяў. Перад чужымі тэлекамерамі і ўважлівымі позіркамі нетутэйшых палітыкаў рэжым баязліўцаў не хацеў выяўляць сваё сапраўднае аблічча. Зусім іншая рэч, калі замежнікі ўжо з’язджаюць. Тут можна ад усёй душы і дубінкаю памахаць.

Я ставіў для сябе дзве задачы: заставацца на Плошчы да канца, што б там ні адбывалася, і пастарацца прастаяць усю ноч. Папярэднія кандыдаты ў прэзідэнты Ганчарык і Мілінкевіч імкнуліся найхутчэй распусціць людзей, якія выйшлі пратэставаць, і такім чынам пазбаўлялі нас шансаў на перамогу.

Неабходна было пратрымацца ўсю ноч, таму што досвед першага украінскага Майдана, на якім было і шмат беларусаў, сведчыў: на наступны дзень пасля выбараў колькасць пратэстоўцаў узрастае ў геаметрычнай прагрэсіі. На наступны дзень ужо можна было ствараць агульны штаб. Мы разумелі, што 50 тысячаў беларусаў, якія выйшлі 19 снежня, - гэта толькі пачатак лавіны. Такі ўжо звычай у нас, што нам неабходны хоць бы кароткі час, каб агледзецца. Разумеў гэта і Лукашэнка, таму і абрынуў на нас усю сваю рэпрэсіўную машыну ў першыя ж гадзіны пасля выбараў.

Самы рэальны шанс вярнуць гісторыю Беларусі ў яе сапраўднае рэчышча быў страчаны – апазіцыяй, уладай, народам. Аднак у нашай гісторыі гэты дзень застаўся назаўсёды як дзень змагання беларусаў за свабоду.

Не так даўно пашанцавала мне слухаць Анджэя Вайду, які распавядаў пра Варшаўскае паўстанне 1944 года. Легендарны рэжысэр прадстаўляў свой дакументальны фільм, прысвечаны гэтай падзеі. На сустрэчы прысутнічаў таксама другі рэжысэр фільма Анджэй Каткоўскі. Ён прыгадаў неверагодную гісторыю пра сваю сустрэчу з паўстанцам, якому давялося прайсці сапраўднае пекла.

Маладога паляка цяжка паранілі. Нейкім цудам яму ўдалося перабрацца на другі бераг Віслы. Там апошнія сілы яго канчаткова пакінулі, і ён страціў прытомнасць. Надоўга. Ён павінен быў памерці. Аднак праз некалькі дзён яго знайшлі ў пад зруйнаваным мастом. Адправілі ў шпіталь. Хлопец быў моцна пакалечаны, і лячыцца яму давялося два гады. Аднак вылечылі, і ён трапіў адразу ў сталінскія лагеры, у Сібір. Там яго забівалі яшчэ дзесяць год. Выйшаў толькі ў 1956 годзе, напэўна, пасля ХХ з’езда.

Рэжысэр Анджэй Каткоўскі размаўляў з ім у дзевяностыя. Ён спытаў старога, пакалечанага і ледзь жывога паўстанца: калі б ты ведаў у той час, што чакае цябе пасля паўстання, ты б, сённяшні, прыняў у ім удзел? Ветэран, не разважаючы доўга, адказаў: ні секунды б не сумняваўся, паўстанне – гэта самыя шчаслівыя дні ў маім жыцці.

Спрэчкі пра Варшаўскае паўстанне, ягоную мэтазгоднасць і шансы не сціхаюць у Польшчы і сёння. Толькі ніхто пакуль не наважыўся аспрэчыць гераізм паўстанцаў.

Плошча 19 снежня 2010 года была паўстаннем. Паўстаннем мірным, якое не прадугледжвала сілавых метадаў з нашага боку, а таму маральна чыстым і ахвярным, праціўнік жа без ваганняў скарыстаў сілу супраць мірных грамадзян. Еўропа, якая назірала за тымі падзеямі, палічыла за лепшае не ўмешвацца. Там усё яшчэ спадзяваліся на перавыхаванне дыктатара. Мы былі адны супраць тупой сілы карнікаў і жывёльнага страху тырана Лукашэнкі перад відавочным ягоным пройгрышам на ім жа арганізаваных выбарах. Так можа здарыцца, што Плошча 2010 года ў Мінску застанецца апошняй рамантычнай акцыяй пратэсту супраць укаранёных на ўсёй тэрыторыі былога СССР аўтарытарызму і дыктатуры. На ўкраінскім Майдане 2013-2014 гадоў былі ўжо забітыя, і гэта змусіла абаронцаў свабоды перайсці рысу негвалтоўнасці.

Падзеі на Плошчы час ад часу ўсплываюць у маёй памяці. Былі там і няпростыя моманты, калі падбягалі раптам зусім незнаёмыя людзі і рашуча патрабавалі аддаць загад аб штурме Дома ўрада. Яўныя правакатары.

Помняцца і зусім іншыя моманты. Да трыбуны каля помніка Леніну, якую мы скарысталі для правядзення мітынгу, прабраўся наш вядомы паэт Андрэй Хадановіч і знізу пачаў мне штосьці крычаць. Я нахіліўся, прыслухаўся, пачуў ягоныя словы:

- Спадар Андрэй, ці ёсць гітара?

- Што?..

- Гітара!

- Якая гітара?..

- Ды хоць якая-небудзь.

- Навошта?

- Я праспяваў бы.

- А можна без гітары?

- Ну калі няма!..

Мне ўсё гэта падалося даволі дзіўным, але я папрасіў прапусціць Хадановіча на трыбуну. Андрэй адолеў прыступкі і, адбіваючы такт далонню ў пальчатцы - то па трыбуне, то па самому сабе – заспяваў шмат каму вядомую песню “Муры”:

Разбуры турмы муры!

Прагнеш свабоды – то бяры!

Мур хутка рухне, рухне, рухне –

І пахавае свет стары!

Гэта каталонская песня шасцідзесятых гадоў стала адным з гімнаў польскай “Салідарнасці”. Андрэй пераклаў яе на беларускую мову. Ягонае выкананне цяжка было назваць спевам, хутчэй спроба меладэкламацыі. Аднак гэта было выдатна. Гэта быў адзін з тых момантаў, якія запамінаюцца на ўсё жыццё. Бачна было, што Хадановічу вельмі хацелася звярнуцца да людзей з той вольнай песняй, падараваць яе Плошчы. Ягоная перакананасць і натхненне наўрад ці пакінулі там каго абыякавым. Плошча адгукнулася. І падхапіла песню. Просьба знайсці гітару, якая яшчэ хвіліну таму падавалася мне такой недарэчнай, сталася адным з самых узвышаных момантаў Плошчы.

Нават пасля таго, як на ўваходзе ў Дом урада пачалі біць шкло ў дзвярах, мітынгоўцы ў абсалютнай большасці сваёй на правакацыю не паддаліся. Людзі стаялі каля ўрадавага будынка і скандавалі: “Міліцыя з народам! Мы адзін народ!” І раптам з гэтага дома выскачылі спецназаўцы і пачалі збіваць першыя рады мітынгоўцаў., а потым пабеглі хавацца.

Кандыдаты ў прэзідэнты, і я таксама, заклікалі людзей не паддавацца на правакацыі. Была агучана рэзалюцыя мітынгу, якая вызначыла неабходнасць распачаць перамовы апазіцыі і ўрада аб выхадзе з крызіснай сітуацыі. У гэты момант нас паклікалі ў Дом урада на перамовы з міліцэйскім начальствам. На пляцоўцы перад уваходам людзі зрабілі жывы калідор. Разам з Мікалаем Статкевічам мы пайшлі да будынка. Падышлі да дзвярэй, дзе было пабітае шкло, і пачалі клікаць камандзіраў. У адказ – глухое маўчанне.

Добра памятаю вочы спецназаўца па той бок дзвярэй. Былі бачныя толькі вочы. Зверху шлем. Знізу шчыт. І толькі гэтыя нерухомыя спалоханыя вочы.

Нікога не дачакаўшыся, мы з Мікалаем здзіўлена паглядзелі адзін на аднаго і пайшлі прэч.

І тут пачалася зачыстка. Гэта ўсё было подла і беспадстаўна. Правакацыя з біццём шкла ўжо была нейтралівазаваная. Кандыдаты ў прэзідэнты заклікалі людзей да спакою. Нас запрасілі на перамовы. Сітуацыя на Плошчы цалкам кантралявалася. Вось тады дыктатура і нанесла свой подлы ўдар.

У нейкі момант мы з Ірай і Леанідам Навіцкім, які прыкрываў мяне, апынуліся нібы ў вакууме. Перад намі – ланцуг спецназаўцаў, якія грукаюць дубінкамі па шчытах. Па другі бок за намі АМАП, які распачаў сапраўдную бойню.

Інстынкт самазахавання і звычайная логіка падказвалі, што гэта пастка і з яе трэба найхутчэй выбірацца. Аднак у тое ж імгненне ўзнікла зусім іншая думка: калі пабягу, усё скончыцца. Я кандыдат у прэзідэнты. Паказаць карнікам спіну – здрадзіць сабе і людзям.

І я зрабіў крок насустрач шчытам…

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках