5 траўня 2024, Нядзеля, 7:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заснавальнік Bellingcat: Пуцін асабіста адкажа ў Еўрасудзе за катастрофу «Боінга»

25
Заснавальнік Bellingcat: Пуцін асабіста адкажа ў Еўрасудзе за катастрофу «Боінга»
ФОТА: SERGEI KARPUKHIN/REUTERS

Неўзабаве будзе накіраваны пазоў у Еўрасуд правоў чалавека супраць РФ і асабіста прэзідэнта краіны-агрэсара Уладзіміра Пуціна паводле справы MH17.

У Еўрапейскі суд правоў чалавека неўзабаве будзе накіраваны пазоў супраць РФ і асабіста прэзідэнта краіны-агрэсара Уладзіміра Пуціна паводле справы аб знішчэнні рэйса MH17. Пра гэта заявіў заснавальнік экспэртна-журналісцкай групы Bellingcat Эліёт Хігінс у інтэрв'ю УНІАН, піша ЛІГА.net.

«Цяпер адвакат Джэры Скінар, што прадстаўляў ахвяр катастрофы Лакербі, у якой Ліван узяў на сябе адказнасць (рэйс авіяліній PanAm пацярпеў катастрофу 21 снежня 1988 года праз закладзеную на борце выбухоўку, загінулі 243 пасажыры і 16 чальцоў экіпажа, - рэд.), ідзе ў Еўрапейскі суд правоў чалавека са справай супраць РФ і Пуціна асабіста ў дачыненні да таго, што адбылося з МН17, і ў дачыненні да расейскага ўмяшання ва Украіну. Таксама павінна быць публічнасць у дачыненні да таго, што зрабіла Расея, у дачыненні да таго, што Расея стала хлусіць у дачыненні да МН17», - заявіў Хігінс.

Пры гэтым заснавальнік Bellingcat выказаў сумнеў, што РФ дазволіць следству дапытаць вайскоўцаў, якія маюць дачыненне да тэракту супраць МН17.

«Я сумняваюся, што іх дапытаюць, але і ў гэтым выпадку - яны будуць праінструктаваныя, што яны могуць сказаць, а што - не. Вельмі цяжка ўявіць сцэнар, у адпаведнасці з якім яны будуць даваць паказанні ў судзе».

З ягоных слоў, экспэрты цягам года вывучалі расейскіх вайскоўцаў з 53 брыгады.

«Мы заявілі, што ёсць дваццаць чалавек [вінаватых у гібелі MH17]. Але гэта - дваццаць тых, хто ўваходзіць у камандную структуру - камандзіры брыгады, батальёна. Гэта тыя людзі, праз якіх ідуць каманды. Але ёсць таксама асобы, якія, відавочна, з'яўляюцца часткай канвою. Мы адсачылі канвой 53 брыгады 24-25 чэрвеня. Гэта вялікая колькасць вайскоўцаў, аўтамабіляў, транспартныя падраздзяленні. Гэтыя людзі разам перасоўваліся ўвесь час ва Украіну. Мы гаворым прыкладна аб сотні чалавек. І яны - частка аднаго падраздзялення. Яны бачылі, што яны робяць, яны ведаюць, што яны ішлі разам, як падраздзяленне, і ўсталёўвалі сістэму на месцы», - падсумаваў ён.

Хігінс выказаў здагадку, што вайскоўцы РФ, перасекшы ўкраінскую мяжу і збіўшы МН17, напэўна дзейнічалі згодна з загадам.

«Гэты загад павінен быў прайсці праз розных людзей. Адкуль гэты загад зыходзіў? Я думаю, што гэта павінна быць вельмі высока. Павінны быць людзі розных рангаў, якім было вядома, што адбываецца», - дадаў экспэрт.

Раней паведамлялася, што Bellingcat звузіла спіс датычных да катастрофы рэйса MH17 на тэрыторыі Украіны ў ліпені 2014 да 20 расейскіх вайскоўцаў.

Самалёт Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс МН17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў збіты расейскай сістэмай «Бук» 17 ліпеня 2014 у Данецкай вобласці. У выніку трагедыі загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце. Пасажырамі рэйса былі грамадзяне 10 краін, большасць загінулых (196 чалавек) - грамадзяне Нідэрландаў.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках