Працоўную мянчанку запісалі ў «дармаеды»
40- 12.10.2016, 15:03
- 28,554
Падаткавікі разважылі, што ў дзяўчыны занадта маленькая заплата.
«Я сумленна працавала, сумленна заплаціла падаткі і пачуваюся выгнанкай. Чаму ў такім выпадку я дармаедка?» - здзіўляецца 31-гадовая жыхарка сталіцы Вольга. Паводле ейных слоў, яна прапрацавала ў мінулым годзе агулам блізу 8 месяцаў, але ўсё адно трапіла ў платнікі збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. У МПЗ растлумачылі, чаму так адбылося.
Вольга блізу 5 гадоў прапрацавала мастаком на менскім заводзе шасцерань, займалася аздабленнем унутраных памяшканняў.
- Ад студзеня да траўня мінулага года я працавала на заводзе на поўную стаўку. Я мела вельмі маленькі заробак праз прастоі, брала блізу 1,2 мільёна старых рублёў, - распавяла дзяўчына tut.by. - У траўні дзеля навучання перайшла на паўстаўкі, брала блізу 400 тысяч старых рублёў.
Праз месяц Вольга сышла з прадпрыемства, каб «атрымліваць адукацыю, памяняць сваё жыццё». Яна ўладкавалася паводле дамовы найму ў прыватную кампанію, праводзіла вулічныя апытанні.
- Сумы паводле дамовы атрымлівала зусім малыя. За адное апытанне плацілі блізу 15 тысяч старых рублёў, - кажа яна. - Прапрацавала ў гэтай кампаніі тры месяцы.
Знайсці працу з больш высокім заробкам ў Вольгі не выпала, бо «наймальнікі неахвотна бяруць на паўстаўкі».
- Ужо сёлета даведвалася ў барысаўскай і менскай ІМПЗ (дзяўчына зарэгістраваная ў Барысаве), ці з'яўляюся я платніцай падатковага збору за няўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, і што мне рабіць. Мне сказалі, што з'яўляюся, бо на асноўным месцы прапрацавала менш за 183 дні працы, а паводле дамове найму я не маю патрэбнай сумы, - распавядае жыхарка.
Вольга бядуе, што працавала летась агулам блізу 8 месяцаў, але ўсё адно давядзецца плаціць падатак.
- Вось і выходзіць, што на заводзе я працавала амаль задарма, потым працавала паводле дамовы найму, выдаткавала шмат сіл і часу, не атрымала ад гэтага практычна ніякага прыбытку. Я сумленна працавала, з гэтых грошай вылічвалі падаткі, але пачуваюся выгнанцам. Чаму я дармаедка?
Вольга прызнаецца, што цяпер у яе не знойдзецца патрэбнай сумы на выплату збору. Ейная цяперашняя заплата - «крыху больш за 100 рублёў». Паралельна яна атрымлівае эканамічную адукацыю.
- Раней я існавала на ашчадак. Сваякі дапамагалі, у якіх жыву. Я вяду вельмі сціплы лад жыцця, купляю толькі самае патрэбнае. Адзенне сама шыю. З прадуктаў бяру рыбу, збольшага путасу, гародніну, курыныя наборы, спінкі. Курынае філе і свініну купляю вельмі рэдка.
Каб у будучыні часткова ўнікнуць выплаты падатку за 2016 год, Вольга зарэгістравалася рамесніцай, займаецца «сваімі праектамі».
Падатковая інспекцыя: «Грамадзянка прызнаецца платніцай збору, бо працавала паводле кантракту толькі 5 месяцаў»
У падатковай інспекцыі які раз нагадваюць, што плаціць збор трэба тым, хто ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў менш за 183 дні ў годзе або зусім нічога не ўнёс у дзяржаўны бюджэт.
- Грамадзянін прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных выдаткаў у перыяд работы паводле працоўнага пагаднення (кантракту). Залічваецца таксама выкананне работ паводле цывільна-прававых пагадненнях, аб’ектам якіх з'яўляецца выкананне работ, паслуг і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, на суму не менш за 70 базавых адзінак (за 2015 год гэтая сума складае 12,6 мільёна рублёў без уліку дэнамінацыі), - удакладняюць у МПЗ.
Калі ж сума будзе меншая за 70 базавых адзінак, гэта праца паводле ўмовы найму не будзе ўлічвацца.
- У разгляданай сітуацыі ў перыяд удзелу грамадзянкі ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў можа быць залічаны толькі перыяд работы паводле працоўнага пагаднення (кантракту), і раз такая праца ажыццяўлялася 5 месяцаў, то грамадзянка прызнаецца платніцай збору, - тлумачаць у МПЗ.
Але спецыялісты дадаюць, што сума збору змяншаецца на суму падаходнага падатку, які быў выплачаны з даходаў паводле працоўнага пагадення (кантракту) або паводле цывільна-прававых пагадненнях.
- Акрамя таго, пры выплаце грамадзянінам падаходнага падатку з фізічных асоб на суму не меншую за 20 базавых адзінак на падставе базавай адзінкі, устаноўленай на 1 студзеня адпаведнага падатковага перыяду, такія грамадзяне вызваляюцца ад выплаты збору, - падрахоўваюць у МПЗ.