Жыхарам Берасця распавялі аб малым памежным руху
2- 25.10.2016, 10:43
- 14,697
Актывісты раздалі ў цэнтры горада буклеты і сувеніры з інфармацыяй аб малым памежным руху.
Берасцейскія дэмакратычныя актывісты правялі акцыю з раздачай паветраных шароў, буклетаў і сувеніраў з інфармацыяй аб малым памежным руху, паведамляе «Радыё Рацыя».
Мерапрыемства праводзілася на пешаходнай вуліцы Савецкай каля кінатэатру «Беларусь». Больш падрабязна пра мэты мерапрыемства распавяла адна з арганізатараў акцыі Паліна Панасюк-Шарэнда:
- Інфармаваць насельніцтва аб малым памежным руху. Мы падрыхтавалі матэрыялы для раздачы, каб сапраўды гэта было відовішчна, каб людзі маглі гэта ўзяць, запомніць.
- Хочам візуальна паказаць, што ёсць магчымасць малога памежнага руху, што можна без візы ездзіць у суседнюю Польшчу. Шмат людзей пра гэта што-небудзь чулі, гэта як напамін, што гэта ёсць, гэта можа быць, гэта дзесьці не за гарамі, - распавёў актывіст Андрэй Шарэнда.
Гэта ўжо не першая такая акцыя, якая тычыцца малога памежнага руху ў горадзе і ваколіцах. Актывісты праводзілі акцыю цягам паўгадзіны. Мінакі ў большасці выпадкаў ставіліся да мерапрыемства прыязна і ахвотна бралі буклеты і паветраныя шарыкі. Трыма тыднямі раней у Берасці таксама праводзіўся круглы стол на гэтую тэму.