На адно месца грузчыка прэтэндуе 77 менчукоў
16- 26.10.2016, 16:32
- 19,831
Уладкавацца дворнікам у Менску і зусім немагчыма - няма вакансій.
Сярэдні ўзровень аплаты ў вакансіях, якія ёсць у сталічных цэнтрах занятасці, складае блізу 500 рублёў, паведаміла намесніца старшыні камітэта працы, занятасці і сацабароны Менгарвыканкама Таццяна Кудзевіч, распавядаючы пра сітуацыю на рынку працы ў Менску, паведамляе БелТА.
- Больш за 2% вакансій складаюць прапановы з заробкам больш за 1000 рублёў, блізу 21% - ад 600 да 1000 рублёў. Але трэба ўлічваць, што ў вакансіях наймальнік паказвае мінімальную аплату. Астатнія чыннікі стымулявання прад'яўляюцца наймальнікам падчас працы супрацоўніка, - удакладніла Таццяна Кудзевіч.
- У Менску назіраецца прафесійна-кваліфікацыйны дысбаланс, - адзначыла Таццяна Кудзевіч. - Гэта павялічвае перыяд працаўладкавання, які цяпер складае 3,7 месяца.
Таццяна Кудзевіч нагадала, што ў ліку залішніх прафесій па-ранейшаму значацца прадавец, повар, кантралёр-касір, швачка, кіроўца аўтамабіля, бетоншчык, прыбіральнік памяшканняў.
Спецыялістка дадае, што больш за ўсё канкурэнцыі сярод некваліфікаваных кадраў - падсобных рабочых, дворнікаў, рабочых у комплекснай уборцы.
- Колькасць суіскальнікаў значна перавышае попыт наймальнікаў таксама сярод кіроўцаў аўтамабіляў, слесараў, сталяроў, электраманцёраў, - дадала Таццяна Кудзевіч.
Да прыкладу, сярод грузчыкаў конкурс на месца складае 77 чалавек, ахоўнікаў - 68, сацработнікаў - 56. А вось для беспрацоўных дворнікаў - 96 прэтэндэнтаў на пачатак кастрычніка - і зусім не было ніводнай вакансіі.
- Адсутнасць попыту з боку наймальнікаў ці нязначны попыт робіць сёння цалкам праблематычным працаўладкаванне справаводаў, механікаў, тэхнікаў, архітэктараў, перакладчыкаў, экспедытараў, дыспетчараў, рэжысёраў, мадэльераў, артыстаў, экскурсаводаў, вахцёраў, камплектоўшчыкаў. Іх перыяд пошуку працы становіцца больш доўгім, - патлумачыла Таццяна Кудзевіч.
Сярэдні ўзрост сталічнага беспрацоўнага цяпер - 41 год (летась - 38 гадоў). Большасць непрацаўладкаваных - 73% - складаюць мужчыны.
Нагадаем, узровень афіцыйнага беспрацоўя ў Менску на пачатак кастрычніка склаў 0,6% колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Агулам у краіне гэты паказчык трымаецца на адзнацы 0,9%.