«Дыямент» Лукашэнкі можа патануць
60- 26.10.2016, 18:21
- 23,898
Спецыялісты ўстурбаваныя будаўнічымі работамі каля Нацбібліятэкі.
Забудоўшчык «Маяка Менска» пашырае аўтастаянку каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Архітэктар Віктар Крамарэнка і канструктар Цімафей Пяцольд распавялі tut.by, чаму гэтага катэгарычна нельга рабіць, і якая пагроза пагражае будынку. Яны маюць намер спыніць будаўнічыя работы.
Віктар Крамарэнка - суаўтар архітэктурнага праекта бібліятэкі. Падчас яе будаўніцтва ў 2003 годзе ён звярнуўся ў інстытут выкарыстання водных рэсурсаў (ЦНІІКІВР), каб даведацца, ці можна праводзіць работы на тэрыторыі суседняга тальвега (лінія, якая злучае самыя нізкія пункту дна рова. - заўвага). Навукоўцы адказалі катэгарычнай адмовай - калі тальвег засыпаць, падземныя воды могуць пайсці пад бібліятэку.
- Калі некалькі дзён таму я ўбачыў, што на тальвегу вядуцца будаўнічыя працы - я быў у жаху: калі вада пойдзе пад падмурак - можа здарыцца катастрофа, - сказаў Крамарэнка. - Наш абавязак як архітэктара і канструктара не дапусціць гэтага, бо справа неабыякая.
Ён адправіў ліст міністру архітэктуры і будаўніцтва Анатолю Чорнаму, дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Раману Матульскаму, а таксама паведаміў дырэктару ЦНІІКІВР Аляксандру Станкевічу.
Крамарэнка расчараваны і скарачэннем зялёнай зоны вакол бібліятэкі.
- Як архітэктара мяне хвалюе, што знішчылі ландшафт. Цяпер перад носам чытачоў будуць разаграваць рухавікі, - паскардзіўся ён.
Прафесар БНТУ і канструктар Нацыянальнай бібліятэкі Цімафей Пяцольд наведаў месца работ і пагутарыў з інжынерам Аляксандрам Аганесянам. З ягоных слоў, той не ведае пра магчымую праблему, а гарантыя бяспекі для будынка бібліятэкі праектам не прадугледжаная.
- Я распавёў аб справаздачы ЦНІІКІВР і забароне на правядзенне будаўнічых работ на месцы тальвега. Падземны вадацёк пачне шукаць новую дарогу і можа пайсці пад будынак, - сказаў навуковец.
Пяцольду паказалі план работ - зыходзячы з яго, кажа спецыяліст, сапраўды тальвег будзе засыпаны.
- Хтосьці павінен узяць на сябе адказнасць, - сказаў на заканчэнне ён.
Кіраўніцтва бібліятэкі атрымала ліст ад Крамарэнкі і Пяцольда і разлічвае на іх далейшую актыўнасць.
- Мы ў курсе праблемы, - сказаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Станіслаў Каспяровіч. - У лісце пазначана, што калі засыпаць канаву, грунтавыя вады могуць пайсці да нас пад будынак. І яе сапраўды запаюць. Але мы нічога не можам зрабіць - няма паўнамоцтваў. Мы толькі гаспадары будынка і тэрыторыі метр ад яго. За астатняе адказвае адміністрацыя Першамайскага раёна.
На пашпарце аб'екта значацца заказчык работ (ЗТАА «Замекс Інвэстмэнт») і праектная арганізацыя (ЗТАА «Дана Астра»).
Прадстаўніца кампаніі-забудоўшчыка, галоўная інжынерка праекта Алена Андрэева пацвердзіла, што засваенне гэтай тэрыторыі заканчваецца. Работы павінны скончыцца ў снежні. У планах - пашырэнне аўтастаянкі і вуліцы Язмінавай (аддзяляе Нацыянальную бібліятэку ад «Маяка Менска»).
- Работы для рэканструкцыі аўтастаянкі прадугледжваюць акрамя іншага і засыпанне тальвега. Яго засыплюць з улікам захавання ўсіх прыродаахоўных нормаў і рэкамендацый спецыялізаванага інстытута - ЦНІІКІВР, - сказала Андрэева.
Яна ўдакладніла, што праектаваныя ўхілы стаянкі будуць забяспечваць «адвод паверхневага сцёку» у бок вул. Язмінавае, гэта значыць ад будынка бібліятэкі. Але гаворка не пра падземныя воды.
Галоўная інжынерка дадала, што пашырэнне стаянкі было прадугледжанае планам дэталёвага планавання тэрыторыі забудовы «Маяк Менска», які быў «ўзгоднены ва ўстаноўленым парадку і зацверджаны пастановай Менгарвыканкама».
Дырэктар ЦНІІКІВР Аляксандр Станкевіч паведаміў, што па рэкамендацыі у ягоны інстытут ніхто не звяртаўся. Ён дасведчаны ў сітуацыі, паскардзіўся, што непасрэдна ўплываць на яе не можа: як і ў выпадку з бібліятэкай, няма паўнамоцтваў.
- Мы плануем на наступным тыдні падрыхтаваць справаздачу і паведаміць Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, - удакладніў ён.
Паводле інфармацыі Крамарэнка, інстытут звернецца да Наталлі Томінай. Спецыялістка ўжо не працуе ў арганізацыі, але менавіта яна прымала ўдзел у даследаванні 2003 года. Архітэктар абмеркаваў з ёй сітуацыю і сказаў, што тая «страшна здзіўленая і мае намер бараніць тэрыторыю каля бібліятэкі».
Начальніца ўправы архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Першамайскага раёна Таццяна Альхімовіч сказала, што гэтая тэрыторыя і праблемы, якія там адбываюцца, да яе ўстановы не маюць ніякага дачынення.
Намесніца старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама Алена Сухадолава паведаміла, што працы праводзяцца з ведама і дазволу ўладаў, але для больш падрабязнай інфармацыі прапанавала адправіць пісьмовы запыт.