Цягнік Горадня-Кракаў можа стаць бязвізавым
9- 27.10.2016, 12:31
- 14,352
А ў Гарадзенскім аэрапорце прапаноўваюць арганізаваць лаўкосты.
Бязвізавы рэжым у парку «Аўгустоўскі канал» прапануюць пашырыць на чыгуначныя і авіязлучэнні, уключаючы цягнік Кракаў-Горадня. Такая прапанова прагучала напярэдадні на сустрэчы кіраўнікоў Гарадзенскай вобласці і Падляскага ваяводства Польшчы ў Гарадзенскім аблвыканкаме, паведамляе БелТА.
На думку старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, у рэгіёне мэтазгодна працаваць над развіццём бязвізавага рэжыму і спрасціць прыбыццё турыстаў не толькі праз тры пункты пропуску, але і праз чыгуначныя і авіязносіны.
«Мы прапрацоўваем тэму лаўкост праз гарадзенскі аэрапорт, госці могуць прыбываць у вобласць і на цягніках. Практыка рэалізацыі першага ўказа ў гэтым кірунку падкажа нам і іншыя крокі», - адзначыў ён.
Маршалак Падляскага ваяводства Польшчы Ежы Ляшчынскі прапанаваў распаўсюдзіць бязвізавы рэжым на цягнік Горадня - Кракаў, які курсуе паміж двума гарадамі з верасня. Ён таксама падтрымаў ідэю развіцця авіязлучэнняў.
«Цалкам магчыма, што гэты аэрапорт, калі ён увойдзе ў бязвізавую зону, стане запатрабаваным нават у плане выгоды, скарачэння адлегласцяў па розных напрамках. Напрыклад, для жыхароў Падляшша гэты аэрапорт - найбліжэйшы», - адзначыў ён.
Таксама бакі выказалі намер развіваць аўтобусныя маршруты паміж Польшчай і Гарадзенскай вобласцю. Турыстычныя аўтобусы могуць у далейшым запусціць праз пункты пропуску «Рудаўка-Лясная» і «Сафіева-Ліпчаны» ў парку «Аўгустоўскі канал».
Нагадаем, сябры польскай дэлегацыі на чале з маршалкам Ежы Лешчынскім сталі 26 кастрычніка першымі бязвізавымі турыстамі ў Гарадзенскай вобласці.