Эдуард Пальчыс: У судзе нават канвой смяяўся з аргументаў абвінаваўцаў
7- 29.10.2016, 8:35
- 23,135
Са словаў блогера, цэлая група экспэртаў і лінгвістаў разбіралася са значэннем слова «ватоўка».
Блогер, выпушчаны сёння з залы суда, у эфіры «Белсата» пракаментаваў гучны працэс за публікацыі на сайце 1863x.com.
«Вобраз Джона Сільвера застанецца. Ці патрэбны ён краіне - пытанне да чытачоў. Ён пачынаўся як палітызаваны вобраз для невялікай палітызаванай інтэрнэт-аўдыторыі. Але дзякуючы ўсім гэтым крымінальным справам аб ім даведаліся многія. Таму я думаю, што нейкую станоўчую ролю ён яшчэ можа адыграць», - адзначыў Эдуард Пальчыс.
Таксама хлопец патлумачыў, чаму суд быў закрытым:
«Калі б усе пачулі, у чым канкрэтна мяне абвінавачвалі, то, з нармальнай чалавечай логікі, трэба было б судзіць следчых, пракурора і ўсіх, хто мяне судзіў. Фармальна мяне судзілі за тое, што я прапагандаваў беларускія каштоўнасці на шкоду «расейскаму свету». Гэта вельмі блізка да тэксту абвінавачвання».
Эдуард Пальчыс выказаўся і пра абвінавачванні на свой адрас:
«Аргументы ў абвінаваўцаў былі. Нейкія экспэрты, лінгвісты і псіхолагі рабілі высновы аб гісторыі і палітыцы. Гэта было вельмі пацешна: як яны разумеюць значэнне слоў «ватоўка», «рашыст». Ад таго, як яны гэта ўсё аргументавалі, нават канвой часам смяяўся».