17 траўня 2024, Пятніца, 6:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Банкі на мяжы фолу

37
Банкі на мяжы фолу
карыкатура: РІА НОВОСТИ/СЯРГЕЙ ЕЛКІН

Найбліжэйшым часам беларусы могуць панічна забіраць свае ўклады.

Вышэй за калена

Калі глядзець на рост чалавека, тады прыкладна вышэй за калена – пагрузілася беларуская эканоміка ў дрыгву неплацяжоў, калі ўяўляць гэта ў прапорцыях чалавечага цела. З пачатку года пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць, гэта значыць – грошы, якія прадпрыемствы не атрымалі своечасова за прададзены тавар, павялічылася на 20% і складае цяпер чвэрць ад агульнай, паведамляе «Белсат».

Горш было толькі 20 гадоў таму

Пратэрмінаваная запазычанасць прадпрыемстваў перад банкамі павялічылася з пачатку года ўдвая. Нявернутыя пазыкі зараз складаюць больш за 14% ад усіх банкаўскіх актываў. Вышэй – на ўзроўні пятнаццаці адсоткаў, такі паказчык фіксавалі 20 гадоў таму – напярэдадні крызісу 1997 года.

«Калі зыходзіць з паказчыкаў банкаўскай сістэмы, то яны пакуль, у асноўным, утрымліваюцца ў рамках устаноўленых Нацбанкам нарматываў, між іншым, за кошт тых формаў падтрымкі, якія ў відавочнай і схаванай форме існуюць. Але ў асобных банках яны балансуюць на грані фолу», – адзначыў Леанід Фрыдкін з «Эканамічнай газеты».

Крах банкаўскай сістэмы ў руках насельніцтва

Паводле вынікаў інспекцыі айчыннай банкаўскай сістэмы, якую сёлета праводзіў Міжнародны валютны фонд – недахоп грошай для абслугоўвання сваіх запазычанняў назіраецца ў чатырох найбуйнейшых банках, а двум з іх ужо неадкладна патрэбна дапамога з боку дзяржавы. Спецыялісты мяркуюць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве дзяржава аказаць такую падтрымку банкам зможа, калі толькі насельніцтва не пачне панічна забіраць свае ўклады. Але шкода ад гэтых выдаткаў для бюджэту беларусы адчуюць на сабе ў найбліжэйшай будучыні.

Варта чакаць новай хвалі звальненняў

«На многіх дзяржпрадпрыемствах і раней існавала занадта вялікая колькасць работнікаў, таму ім давядзецца развітвацца з імі, між іншым, у тым ліку і таму, што наяўнасць запазычанняў больш не дазваляе несці выдаткі па ўтрыманні такога персаналу», – растлумачыў Леанід Фрыдкін.

Лукашэнка: Нічога не змяняйце!

Спецыялісты канстатуюць – у далейшым цяжар падтрымкі неэфектыўнай вытворчасці на бюджэт будзе павялічвацца ў геаметрычнай прагрэсіі. Тым не менш, у панядзелак, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што змяненняў у дзеючай палітыцы не будзе і, між іншым, забараніў банкрутаваць стратныя прадпрыемствы і калгасы.

«Вельмі дзіўная заява, улічваючы, што, пачынаючы з мінулага года, спецыяльная ўрадавая камісія – так званы клуб крэдытораў падрабязна вывучаў сітуацыю на неплацежаздольных прадпрыемствах і асобна вылучыў тыя, каму дапамагчы, якія рэанімаваць ужо немагчыма», – здзівіўся аналітык Вадзім Іосуб.

Спецыялісты падводзяць вынікі, паколькі рэформы так і не праводзяцца, далейшая здольнасць уладаў ратаваць прадпрыемствы і банкі ад банкруцтва будзе залежаць ад магчымасці рабіць новыя замежныя крэдыты. Налета ўрад плануе пазычыць $3 млрд ад МВФ і яшчэ блізу $1 млрд. на замежных фондавых рынках. Калі гэтую суму не атрымаецца пазычыць ні ў названых крыніц, ні ў іншых, краіна можа сутыкнуцца з дэфолтам ужо налета.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках