4 траўня 2024, Субота, 10:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэформы ў Беларусі правядзе паўсталы народ

31
Рэформы ў Беларусі правядзе паўсталы народ

Эканамісты далі ацэнку «рэфарматарскаму патэнцыялу» ўладаў.

Лукашэнка падчас апошняй прэс-канферэнцыі зноў заявіў, што будзе трымацца за старыя формы сацыяльна-эканамічнай мадэлі, і адхіляе ўсялякія праявы рынкавай эканомікі.

Выступ дыктатара ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» пракаментавалі эканамісты Барыс Жаліба і Леў Марголін.

- Падчас прэс-канферэнцыі 17 лістапада Лукашэнка зноў заявіў аб сваім стаўленні да ЖКГ, калгасаў, банкіраў, «якія нічога не ствараюць». Былі прадэманстраваныя тыя самыя перакананні, што і за апошнія 20 гадоў. Што гэта азначае для перспектыў беларускай эканомікі?

Марголін: Гэта вельмі дрэнная сітуацыя для беларускай эканомікі. Але тут нічога не зробіш, бо Лукашэнка не мяняецца. І разлічваць на тое, што заўтра ён прыйдзе да ідэі праводзіць рашучыя рэформы - не даводзіцца. Ён можа зрабіць іх толькі пад вялікім прымусам. Калі народ паднімецца на вельмі актыўныя, можа нават радыкальныя дзеянні. У адваротным выпадку ён будзе далей думаць, што ўсё ідзе добра, і ідэі патрэбныя толькі для таго, як захаваць тое, што ёсць.

- Няўжо Лукашэнку да рэформаў не можа схіліць, напрыклад, ціск міжнародных крэдытораў, альбо дрэнная сітуацыя ў эканоміцы, калі яму давядуць, што без рэформаў будзе толькі горш?

Марголін: У такім узросце людзі мяняюцца ўжо вельмі рэдка. Гэта ягоны псіхалагічны стан, ён да яго звык і што-небудзь мяняць будзе ў самым найгоршым выпадку. Па-другое, ён разумее, што калі ўводзіць рынкавую эканоміку - то гэта пацягне за сабой і палітычныя змены таксама. Бо сапраўдны рынак зрынае ўсё тое, што скоўвае яго. Ён гэта разумее, і таму на рэформы пойдзе толькі ў самым крайнім выпадку.

- Лукашэнка сказаў, што банкіры ў Беларусі надзвычай добра зарабляюць, і з гэтым варта разабрацца.

Жаліба: Лукашэнка прадаўжае сваю лінію, ён неаднаразова заяўляў, што не трэба рэформаў, трэба «ўдасканальваць» тое, што ёсць.

Як вядома, у банкаўскай сістэме заўсёды заробкі ў параўнанні з іншымі былі высокія. Але і там цяпер сітуацыя пагоршылася, бо яны залежаць ад эканамічнай сітуацыі ў рэальным сектары. Цяпер падае ВУП, падае прамысловасць і сельская гаспадарка - а гэта ўсе кліенты банкаў.

Гэта ўсё адбіваецца і на заробках банкіраў, і на фінансавым стане банкаў. У нас пагрозліва павялічыўся да 15 адсоткаў узровень так званых праблемных крэдытаў. Гэта ўжо пэўная чырвоная рыса. Беларускія банкі даўно адчуваюць сябе не так устойліва, як раней.

- Да якой рысы Лукашэнка не будзе прымаць рэчаіснасць?

Марголін: Безумоўна, адзіная ўмова, калі Лукашэнка можа пайсці на сапраўдныя рэформы - гэта калі ён убачыць, што адсутнасць рэформаў больш небяспечная для ягонай улады, чым іх правядзенне.

Тое, што ён казаў пра банкіраў, - гэта яскравая ілюстрацыя «паняццяў» Лукашэнкі пра эканоміку. Для яго вытворчасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва - гэта сапраўдная справа. А гандаль, банкі - іх ролі ён не разумее. Тое, чаго чалавек не разумее, - часта для яго вельмі страшна.

Таму толькі калі будзе відавочна, што рызыка ад неправядзення рэформаў значна перавышае рызыку ад іх правядзення, - тады нешта будзе рабіцца.

- Але вось Лукашэнка не разумее ў кампутарных тэхналогіях, але даў шматлікія льготы беларускаму Парку высокіх тэхналогій.

Марголін: Гэта акурат тая галіна эканомікі, якая менш за ўсё залежыць ад таго сацыяльна-эканамічнага ладу, які пануе ў краіне. Высокія тэхналогіі не звязаны ні з наёмнай рабочай сілай, ні з вытворчымі магутнасцямі, тут не трэба заводаў, станкоў, абсталявання. Развіццё гэтага сектара не пагражае ніякім чынам ўладзе Лукашэнкі.

Калі яму кажуць аб падвышэнні кошту камунальных паслуг - ён неахвотна, але згаджаецца, бо гэта не пагражае ягонай кладзе. Але калі гаворка ідзе аб прыватызацыі, аб незразумелых структурных рэформах - гэта ўжо страшна, на гэта ісці не хочацца.

Жаліба: У Лукашэнкі такая натура, якая прагне, каб усё было пад кантролем - грошы, рэсурсы, вялікая цэнтралізацыя. Таму яму не падабаюцца ўсе размовы аб прыватызацыі. Усялякія змены ў гэтай аўтарытарнай цэнтралізаванай сістэме ён успрымае як пагрозу дзяржаўнаму ладу.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках