8 траўня 2024, Серада, 12:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманы «поп са свастыкай» Кастусь Бурыкін

25

Бурыкін быў вядомы з часоў сваёй актыўнасці ў неанацысцкай арганізацыі «Русское национальное единство».

Як стала вядома «Нашай Ніве», некалькі дзён таму быў затрыманы праваслаўны святар з Гатава Канстанцін Бурыкін.

Затрыманне, з непацверджанай інфармацыі, адбылося ў пятніцу, пасля яго прылёту з ЗША, дзе ён знаходзіўся дзякуючы Федэрацыі паўэрліфтынгу. Затрымлівала яго, магчыма, ГУБАЗіК Міністэрства ўнутраных спраў.

Бурыкін быў вядомы з часоў сваёй актыўнасці ў неанацысцкай арганізацыі «Русское национальное единство», або РНЕ.

У 2014 годзе здарыўся скандал, калі высветлілася, што ў святара з тых часоў на плячы застаецца свастыка. Тады Бурыкін у інтэрв'ю СМІ адрокся ад сваіх захапленняў.

Пры гэтым ён захоўваў кантакты з прарасейскай арганізацыяй «Румол», на базе яго прыходу гэтая суполка праводзілі спаборніцтвы.

Бурыкін родам з Омска, але ягоная сястра і бацькі таксама жывуць у Менску.

Грамадзянства беларускага Бурыкін не меў. Што цікава, не меў ён і духоўнай адукацыі, а святарскі сан атрымаў разам з абяцаннем пабудаваць храм у Гатава - працоўным прыгарадзе Менска.

Акрамя святарскай дзейнасці, ён быў першым намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу, якой кіраваў Генадзь Калеснік, старшыня БФСТ «Дынама».

З нашай інфармацыі, усімі фінансавымі справамі федэрацыі займаўся Бурыкін, роля Калесніка там была сімвалічная. Праз федэрацыю Бурыкіну ўдавалася наладжваць сувязі са структурамі МУС.

У храме, настаяцелем якога працуе Бурыкін, сказалі, што ўжо некалькі дзён святара не бачылі.

«Аб міліцыі нічога не чуў. Але Бурыкін, здаецца, некуды з’ехаў - ці то за мяжу, ці то яшчэ куды», - паведаміў нам адзін з ахоўнікаў царквы.

Асабісты нумар Бурыкіна недаступны.

Былая цешча Бурыкіна, Таісія, аб затрыманні свайго былога зяця чула ад унучкі Аляксандры, дачкі Бурыкіна. Але падрабязнасцяў, кажа, не ведае. «Напэўна, не хочуць мяне хваляваць», - мяркуе Таісія.

Асабістая гісторыя ў Бурыкіна незвычайная. Ягоная першая жонка памерла 9 гадоў таму, пакінуўшы чацвярых дзяцей.

Пасля гэтага Бурыкін ажаніўся на няньцы - дзяўчыне, якая дапамагала даглядаць жонку падчас ейнай хваробы.

У былога прыёмнага сына Бурыкіна быў вялікі канфлікт з бацькам. Ён сцвярджае, што бацька яго выгнаў.

Цікава, што беларускім РНЕ доўгі час кіраваў Андрэй Саковіч - стрыечны брат Бурыкіна і хросны бацька таго сына Бурыкіна, якога ён пасля адрокся.

Таксама цікава, што блізкі сваяк другой жонкі Бурыкіна служыць на высокай пасадзе ў брыгадзе спецназу 3214.

У Беларускай праваслаўнай царкве факт затрымання святара пацвердзілі.

«Але каментаваць нічога пакуль не магу, - паведаміў протаіерэй Сяргей Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ. - Не ведаем пакуль, ні за што яго затрымалі, ні калі дакладна. Здаецца, ці то дзень назад, ці то два. Калі атрымаем нейкую інфармацыю ад следчых, тады і пракаментуем падрабязней».

Сілавыя структуры пакуль не адказалі, за што быў затрыманы Бурыкін. Адзначаецца, што абвінавачванні сур'ёзныя. Сярод іх знаёмыя са справай называюць захоўванне зброі.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках